Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бесперспекты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Пазбаўлены ўсякіх перспектыў, які не можа спадзявацца на лепшае будучае, на добрыя вынікі. У пакутах і боязі за бязрадаснае сёння, а тым больш за бесперспектыўнае і змрочнае заўтра жывуць рускія і ў іншых раёнах ЗША. Філімонаў.

беспіло́тны, ‑ая, ‑ае.

Які ляціць без пілота; якім кіруюць з зямлі. Беспілотны апарат.

бесплацка́ртны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае плацкартных месц; не мае плацкарты. Бесплацкартны вагон. □ Натоўп бесплацкартных пасажыраў хлынуў да выхаду. Пальчэўскі.

беспрабу́дны, ‑ая, ‑ае.

Моцны, непрабудны (звычайна пра сон). Вёска, натаміўшыся за дзень, спала глыбокім, беспрабудным сном. Сачанка. // перан. Пастаянны, бесперапынны. Беспрабудны п’яніца.

беспрадме́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць беспрадметнага.

беспрадме́тны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае пэўнай мэты, зместу. Аўтар не палічыўся з жыццёвай логікай фактаў, і алегорыя ў яго творы стала беспрадметнай. Казека.

беспрасве́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць беспрасветнага. Паэзія Купалы, як і Багушэвіча, наскрозь сацыяльная, грамадзянская, матывы мужычай нядолі, злыбеды, цяжкай беспрасветнасці жыцця займаюць у ёй вельмі вялікае месца. Навуменка.

беспрасве́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Без прасвету, вельмі цёмны. Беспрасветная ноч. // Бясконцы, густы (пра дождж, туман і пад.). Зноў дажджы, нудныя, халодныя, беспрасветныя. Сачанка.

2. перан. Сумны, цяжкі, безнадзейны. У гэтых думках чэрпаў ён падтрыманне сабе самому і простым людзям, што стогнуць у ярме беспрасветнага прыгнёту. Колас.

беспрасве́цце, ‑я, н.

Адсутнасць надзеі на лепшую будучыню; цемра, галеча. А калі над краем Легла згубай Ноч Глухога беспрасвецця, Скрозь пачулі — Хлопчык трубіць На дружынны збор У школу Дзецям. Вітка.

беспрацо́ўе, ‑я, н.

Наяўнасць людзей, якія не маюць пастаяннага заработку. Наяўнасць супярэчнасці паміж спажываннем і вытворчасцю, паміж імкненнем капіталізму бязмежна развіваць прадукцыйныя сілы і абмежаваннем гэтага імкнення пралетарскім становішчам, беднасцю і беспрацоўем народа, ясна ў гэтым выпадку, як дзень. Ленін. // Стан беспрацоўнага. Вымушанае беспрацоўе.