асуджэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. асудзіць.
асудзі́ць, асуджу, асудзіш, асудзіць; зак., каго-што.
1. Прызнаўшы вінаватым, вынесці абвінаваўчы прыгавор.
2. Прызнаць заганным, ганебным што‑н.; выказаць неадабрэнне каму‑, чаму‑н. Адна толькі Волька, ідучы паўз хату Лявона, рэдка калі прамінала, каб не асудзіць уголас старых. Васілевіч. Старэйшыя жанчыны сурова асудзілі [Таццяну] за тое, што яна кінула дзіця. Шамякін.
3. перан.; на што або з інф. Аддаць, пакінуць (на волю лёсу, на голад і пад.). Фашысцкія акупанты імкнуліся зрабіць партызанскія раёны зонай пустэчы, вынішчыць пасевы і тым самым асудзіць насельніцтва і народных мсціўцаў на голад. «Звязда».
асу́нуты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад асунуць.
2. у знач. прым. Стомлены, схуднелы, змарнелы. Асунуты твар. □ Напалоханая маці моўчкі перавяла погляд на сына, ён, зблажэлы і асунуты, з ускудлачанымі на галаве валасамі .. ляжаў на лаве. Гурскі.
асу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Паступова апусціцца ўніз, асесці; спаўзці. І застагнала вёска, затрашчалі трухлявыя перакладзіны зрубаў, асунуліся на зямлю саламяныя стрэхі. Бажко. Глянуў угару Тараска, на сосны. А на галінах — поўна снегу. Вісіць глыбамі. Вось-вось асунецца ўніз. Юрэвіч.
2. Паволі апусціцца (пра чалавека або пра жывёлу); зваліцца, асесці. І толькі за поўнач.. [Геня] млява асунуўся на зямлю і заснуў моцным сном спрацаванага чалавека. Якімовіч.
3. перан. Моцна схуднець (пра твар або пра чалавека са схуднелым тварам); змарнець. [Ян Стафанковіч] з выгляду вельмі намнога пастарэў, асунуўся, стаў сухі і здаецца, яшчэ даўжэйшы, як быў. Чорны. Твар яе [Калістрыхі] пацямнеў, асунуўся. Пташнікаў. Ад цяжкіх думак і гора за цэлы дзень бедалага асунуўся, пахуднеў і на захадзе сонца ледзьве давалокся да вёскі следам за каровамі. Хадановіч.
асу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
Ссунуць з чаго‑н. уніз, заваліць што‑н. Асунуць край ямы.
асуча́сніванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. асучасніваць.
асуча́снівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
1. Незак. да асучасніцца.
2. Зал. да асучасніваць.
асуча́сніваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да асучасніць.
асуча́сніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Стаць бліжэй да патрабаванняў сучаснасці, духу часу, набыць сучасны выгляд. Горад асучасніўся.
асуча́сніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Зрабіць такім, які больш адпавядаў бы духу сучаснасці. Асучасніць п’есу.