Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

спрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Весці спрэчкі (у 1 знач.); пярэчыць каму‑н., даказваючы што‑н. Спрачацца не прыйшлося — аднагалосна прызналі, што агонь важней. Маўр. А дзівакі Спрачаюцца заўзята, Які там да вайны Стаяў будынак. Аўрамчык. Доўга спрачаліся, нарэшце згадзіліся на тым: капаць студню. Ігнаценка. // Выступаць супраць чаго‑н., не згаджацца з чым‑н. Не прыходзіцца спрачацца, што паэтызацыя прыроды ў Коласа не ідзе ні ў якое параўнанне з пейзажнымі малюнкамі яго папярэднікаў. Навуменка. // Разм. Сварыцца. У Даўгінаве ўчора зноў крычалі, спрачаліся. Бажко. Суседзі цяпер не спрачаюцца, не злуюць адзін на аднаго. Прокша.

2. Аспрэчваць права на валоданне чым‑н. Спрачаюцца імператары і каралі За ўладу на добрай чужой зямлі. Куляшоў. Не будзем спрачацца за камні і вежы. Панчанка.

3. перан. Змагацца з чым‑н.; супраціўляцца чаму‑н. А нямоўчнае мора Спрачаецца з нордам. Макаль. Сцяпан будзе спрачацца з жыццём — і ўсё будзе іншым. Каваль. // Сапернічаць з кім‑, чым‑н.; не ўступаць каму‑, чаму‑н. Як на экспарт паветра. Азёры, Бары, Хоць ты з раем Спрачайся, Партызанскі мой краю! Барадулін. Красою спрачаюцца з небам яны [дываны тайгі], красою спрачаюцца з морам. Дубоўка.

4. Выступаць у спрэчках (у 4 знач.). Я не чуў, што рашалі, З кім спрачаўся Бурло, Покуль слова да Валі Па чарзе не дайшло. Нядзведскі.

спрашча́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спрасціцца.

2. Зал. да спрашчаць.

спрашча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спрасціць.

спрашчэ́нец, ‑нца, м.

Той, хто павярхоўна падыходзіць да вырашэння складаных задач, пытанняў.

спрашчэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да спрашчэнец.

спрашчэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спрашчаць — спрасціць і стан паводле знач. дзеясл. спрашчацца — спрасціцца.

2. Якое‑н. прыстасаванне, змена ў канструкцыі, планіроўцы і пад., якія спрашчаюць што‑н. Унесці спрашчэнні ў канструкцыю.

спрашчэ́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спрашчэнства, спрашчэнца, уласцівы ім. Але крытыка бывае розная: слушная, аб’ектыўная і, на жаль, вульгарызатарская, спрашчэнская. «ЛіМ».

спрашчэ́нства, ‑а, н.

Павярхоўны, спрошчаны надыход да вырашэння складаных пытанняў, задач. І ў абмалёўцы галоўнага героя, і ў вырашэнні канфлікту Купала .. застаецца верным народнай традыцыі, пазбягае спрашчэнства і схематызму. Ярош.

спро́ба, ‑ы, ж.

1. Намаганне зрабіць што‑н. пры адсутнасці ўпэўненасці ў дасягненні поспеху. Партызаны спалілі мост і паспяхова адбівалі ўсе спробы ворага пераправіцца на гэты бераг. Шамякін. Нарэшце .. [Таццяна] зрабіла новую спробу зайсці ў пакой. Васілёнак. // Намаганне ажыццявіць што‑н. пры адсутнасці вопыту. Спробы збудаваць падводны човен мелі месца і ў Расіі. «Маладосць». // Першыя недасканалыя вынікі творчай дзейнасці. Канешне, толькі некаторая частка вясковых аўтараў падыходзіць так да сваіх літаратурных спроб. Чорны. Але як рэзка адрозніваюцца яны [кнігі] ад першых творчых спроб паэта! Бярозкін.

2. Праверка, выпрабаванне. Я распрацаваў праект пісталеціка і зрабіў адзін для спробы. Бядуля. Праз два дні павінна быць спроба лініі. Паслядовіч. // Праверка дакрананнем, на смак і пад. Ён [сейбіт] глядзеў гаспадарка, Браў на спробу рукою, Як ішло з малатарні. Быццам золата тое. Броўка. Андрэй Міхайлавіч .. прапусціў апісанне хэўсурскай джыгітоўкі, паездкі гасцей на Казбек .. і ў Кахецію для спробы славутых він. Самуйлёнак. [Паважны чалавек:] — Нясі, галубчык, мне якіх штук пяць [ракаў] на спробу. Крапіва.

спро́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Абл. Прадаць усё. [Захаравы:] — Спродалі мы зямлю — ды ў Сібір. Дуброўскі.