спра́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
1. Ажыццявіць, здзейсніць; выканаць. Помсціць кляўся родны брат І ўсе таварышы яго. І спраўдзяць. Будзе ведаць свет Аб справе слаўных змагароў. Броўка. Валя арганізавала школу, каб толькі спраўдзіць мару. Лужанін. Хадоська выняла з хусткі гасціпчык, дала кожнаму па сушанай грушцы, спраўдзіла матчыну волю — паклала на стол нізку грыбоў. Мележ.
2. Апраўдаць што‑н. (звычайна пра надзеі і пад.). Нічога не кажучы хлопцу аб тым, што ён не спраўдзіў спадзяванняў, майстар пачаў тлумачыць, што трэба рабіць. Шахавец. «Няўжо дачка мяне пакіне?.. Не спраўдзіць бацькавых надзей?..» Аўрамчык.
3. Упэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н. Іван Сымонавіч спраўдзіў: на палях кнігі ажно вунь колькі разоў паўтараецца Міхасёва прозвішча. Брыль.
4. Разм. Правільна прадказаць што‑н. — Глядзіце, хоць раз спраўдзіў наш сіноптык, — сказаў камандзір палка Пішчыкаў, узіраючыся ў акно. Алешка.
спра́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад справіць.
спраўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да справіцца.
2. Зал. да спраўляць.
спраўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да справіць.
спра́ўна,
1. Прысл. да спраўны.
2. у знач. вык. У парадку. Дзядзька Коля, стоячы збоку, зірнуў адным вокам на пасведчанне — усё спраўна. Дубоўка.
спра́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан спраўнага. Камісар паслаў на мост сапёра, загадаўшы ўважліва агледзець яшчэ раз спраўнасць мініравання. Лынькоў. [Сярго:] Вінтоўкі ў спраўнасці? Патроны ёсць? Глебка.
спра́ўнік, ‑а, м.
Начальнік павятовай паліцыі ў дарэвалюцыйнай Расіі. Выконваць.. загад губернатара прыехаў павятовы спраўнік з прыставам і стражнікам. Лобан.
спра́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае пашкоджанняў, прыгодны для выкарыстання. [Перагуд:] Праверыць гранаты, каб былі спраўныя. Крапіва. Машын тут некалькі, усе грузавыя, з магутнымі маторамі і не зусім спраўнымі глушыцелямі. Кулакоўскі. Нэля падняла ўгору сцяжок, даючы знаць машыністу, што пуць спраўны. Васілёнак.
2. Які знаходзіцца ў добрым стане; добры. — І як яму ўдаецца трымаць такую спраўную гаспадарку? — не пакідала.. [Петруся] думка. Якімовіч. [Траншэя] была глыбокая, спраўная, зробленая з нямецкай акуратнасцю. Марціновіч. / Пра скаціну. Хто мае такога спраўнага каня і выязную жарабку ў дадатак, як.. [Бабейка]? Хадкевіч. // Заможны. Гаспадаром станавіўся [Васіль], не абы-якім, спраўным; зямлі пабольшала, пабольшала ў гумне і ў клеці. Мележ.
3. Старанны, добрасумленны. Спраўны вучань. □ Баранавых аказаўся вельмі рупным і спраўным работнікам. Хведаровіч.
4. Удалы, прыгожы, здаровы (пра чалавека). Нядаўна быў завітаў [Міша] ў госці, дык такі кавалер вырас, такім спраўным стаў — паглядзець ды падзівіцца толькі. Кірэйчык. [Алаіза:] — Думаю, што ў такіх спраўных дзяўчат, як вы, кавалераў хапае. Арабей. Я паварочваюся да свайго суседа, спраўнага ружовага дзядка: ён з усяе сілы ўпяўся, каб стрымаць людзей, што наваліліся яму на плечы. Палтаран. Спраўны ён, Мацей, хлопец, павінен я сказаць. Ды і не толькі ён — у Якуба ўсе дзеці галавастыя. Савіцкі. // Які характэрны для такіх людзей. [Петрык] хуценька садзіцца за тэлеграфны апарат і пачынае перабіраць у спраўных руках стужку. Шынклер. [Жанчына:] — Але такую справу адкладваць няможна! — І яна спакойна, спраўным крокам зноў пайшла да салдата. Мікуліч. // Спрытны, абаротлівы, энергічны. Дзед Банэдык аказаўся вельмі спраўным хаўруснікам. Чарнышэвіч.
спрафілява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе.
Зак. да прафіляваць.
спра́хлы, ‑ая, ‑ае.
Сатлелы, збуцвелы. Не лясною цвіллю спрахлай — Бульбай печанай запахла. Кірэенка.