Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

спрактыкава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вопыт, практычныя веды ў якой‑н. галіне. Гэта быў стары спрактыкаваны паравознік, адзін з тых, пра каго кажуць: «Ну, гэты сабаку з’еў у сваёй справе!» Васілёнак. [Кляпнёў:] — Прашу! — і рухам спрактыкаванага падавальшчыка кінуў паднос на столік, паставіў пляшку. Шамякін. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Колас. // Бывалы, умудроны жыццём. Драпеза быў ужо спакойны, і ў апошніх словах чуліся нават павучальныя ноткі чалавека бывалага і спрактыкаванага. Паслядовіч. Але спрактыкаваныя бацькі, як ні шкода было дзяцей, не згадзіліся ляцець наўздагон за імі. Пальчэўскі. // Пра рукі, вочы і пад. чалавека, які мае вялікі працоўны або жыццёвы вопыт. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнкі і пачала забаўляць. Даніленка. Скрыгануўшы каўшом аб нешта цвёрдае, Грыша спрактыкаваным вокам вызначыў, што гэта стары падмурак. Кавалёў.

спрактыкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.

1. Набыць вопыт, навык. — А раз чалавек любіць сваю справу і стараецца — у яго заўсёды выйдзе. Ён і веды набудзе, і спрактыкуецца. Дуброўскі.

2. Даведацца на практыцы. — То што, — сказаў дзядзька Язэп, — не заўсёды .. [сівагракі] прылятаюць перад холадам, я не спрактыкаваўся, каб яны .. паказвалі холад. Чорны.

спраку́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Разм.

1. Схібіць, учыніць што‑н. непажаданае, дрэннае. [Аўлас:] — Ведама, .. гаспадар быў. Не тое, што бясхлебнік які, а гаспадар! Калі што якое, калі б прыйшлося і спракудзіўся — ён гаспадаркай сваёй мог выручыцца. Баранавых.

2. Дапусціцца да ліха, праштрафіцца. Бяда ўжо надыходзіла, бо трэба было .. [Эльзу] да шлюбу весці барзджэй, затое, што дапусцілася да ліха .. Спракудзілася дзеўка. Гарэцкі.

спраку́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Разм.

1. Насваволіць, нагарэзнічаць, надзівачыць.

2. каму. Надакучыць, абрыдаць. [Фрося:] — Чужыя мы з табой, Мацей. Хочаш, гневайся, хочаш — не, спракудзіў мне ты... Пальчэўскі.

спрамяне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спрамяняць — спрамяніць і спрамяняцца — спрамяніцца.

спрамяні́цца, ‑меніцца.

Зак. да спрамяняцца.

спрамяні́ць, ‑мяню, ‑меніш, ‑меніць.

Зак. да спрамяняць.

спрамяня́льнік, ‑а, м.

Спец. Перадатчык светлавой, цеплавой або гукавой энергіі. Рукавы спрамяняльнік.

спрамяня́цца, ‑яецца; незак.

1. Тое, што і выпраменьвацца (у 1 знач.).

2. Зал. да спрамяняць.

спрамяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Тое, што і выпраменьваць.