Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

спрадве́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ідзе ад вякоў, не перастае існаваць; адвечны. Большая частка .. [выспы] пакрыта спрадвечнымі льдамі, а на меншай жывуць эскімосы і наезджыя каланісты-датчане. Дубоўка. Яно спакойнае, урачыстае, спрадвечнае жнівеньскае неба. Навуменка. Гудзе зямля, звіняць прасторы на свой стары, спрадвечны лад. Колас. Усё ішло само па сабе, падпарадкоўваючыся спрадвечным законам. Чаркасаў. // Шматвяковы, векавы; вельмі стары. Спрадвечны бор. □ Вецер ідзе над лесам, трашчыць і гудзе ў верхавінах спрадвечных дрэў. Чорны. Спрадвечныя дубы лёгка ўзнімаюць угору на сваіх гранітных ствалах цяжкія кроны. Паслядовіч.

2. Які існуе здаўна; старадаўні. Дзяды дзяўбуць ночвы ці выразаюць лыжкі; бабулі і мамы развешваюць ад елкі да бярозкі памытую бялізну, а ў нядзельныя раніцы, па старому, спрадвечнаму звычаю, пякуць у зямлянках аладкі для ўнукаў і дзяцей. Брыль. // Які вельмі даўно мінуў, вельмі даўні. Рабілі рупна і з веданнем, як робяць з часоў спрадвечных другія зямныя справы. Вярцінскі.

3. Карэнны, пастаянны, асноўны. Белавежскія зубры, спрадвечныя жыхары старадаўніх лясоў, знаходзяцца зараз і на беларускім баку пушчы. В. Вольскі. Была яшчэ адна немалаважная прычына: спрадвечнаму земляробу цяжка прызвычаіцца да гарадскога жыцця. С. Александровіч.

спра́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спрасці.

спраектава́ны 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спраектаваць ​1.

спраектава́ны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спраектаваць ​2.

спраектава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Распрацаваць, скласці праект чаго‑н. Аснова павольна плыла наперад, абрастаючы новымі часткамі і паступова набываючы выгляд той машыны, якую спраектавалі канструктары. Хадкевіч.

спраектава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

1. У матэматыцы — вычарціць праекцыю, перадаць на плоскасці якую‑н. фігуру, прадмет.

2. Спец. Перадаць на экран павялічаны вобраз, праекцыю чаго‑н.

спра́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спражыць.

спра́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Засцежка, якая змацоўвае канцы чаго‑н. (напрыклад, у вопратцы) і служыць таксама ўпрыгожаннем. Хлопец, здавалася, быў пераціснуты шырокім чорным рэменем з бліскучай спражкай. Гурскі. У зашмальцаваным скураным капшуку з меднай спражкай было шэсць патронаў. Бажко.

спра́жкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спражкі.

спра́жыцца, ‑жыцца; зак.

Стаць гатовым у выніку пражання. Мы [салдаты] стаім на каленках супроць печы і чакаем, пакуль спражыцца на вячэру гарох. Галавач.

спра́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Падсмажыць пераважна без тлушчу і вады. Спражыць гарох.

спражэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спрагаць ​2.

2. Змяненне дзеясловаў па асобах, ліках і часах. Формы спражэння.

3. Група дзеясловаў, якія маюць аднолькавыя формы змянення. Першае спражэнне. Другое спражэнне.