со́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сох, ‑ла; незак.
1. Рабіцца сухім, траціць вільгаць; высыхаць (пра што‑н. мокрае). Над палаткамі сохлі недаробленыя палазы. Чорны. Ля кастроў гаманілі вясёлыя хлопцы, сохла мокрая вопратка. Брыль. Увачавідкі сохне трава ў валках. Васілевіч. // Рабіцца занадта сухім, трацячы неабходную вільгаць; смагнуць. Нешта сціскала сэрца, у галаве стаяў сапраўдны тлум, ад смагі сохлі губы. Хадкевіч. Зямля пачала прыкметна параваць і сохнуць. Мележ. / у безас. ужыв. У горле сохне. // Рабіцца цвёрдым, трацячы вільгаць; засыхаць. Хлеб сохне. // Выпарацца, высыхаць (пра вадкасць, вільгаць). Раса на лузе сохне. / Пра вадаёмы. Рэчка сохне. Сажалка сохне.
2. Вянуць, гінуць (пра расліны). [Юрка:] — Мы з Наташай былі ў парку, што летась увосень пасадзілі камсамольцы. Дрэўцы сохнуць. Ніхто не налівае. Пяць таполяў зусім засохла... Бяганская.
3. перан. Разм. Худзець (ад хваробы, цяжкай працы, перажыванняў). На тутэйшай зямлі Дзве сястрыцы жылі, Як забытыя ў лесе, каліны; Жыватворных крыніц Не было для сястрыц, Яны вялі і сохлі націнай. Купала. Маці ўпотайкі выцірала слёзы, ёй здавалася, што Алёша ад працы сохне. Шамякін. // Пакутаваць ад кахання, ад гора. Сохнуць сэрцы ў разлуцы, у горы. Астрэйка. Патанцавалі вечар у школе, а праводзячы дадому, Аніс сказаў: — Даўно праз цябе сохну. Гроднеў.
со́ценны, ‑ая, ‑ае.
1. Разм. Вартасцю ў сто рублёў; сторублёвы. Соценны білет. / у знач. наз. со́ценная, ‑ай, ж. Ларывончык палез у кішэню, дастаў новенькую соценную і працягнуў яе Алімпе. Сабаленка.
2. Які складаецца са ста адзінак або які мае сто якіх‑н. адзінак. Пасярод стала, поруч з попельніцай, ляжала соценная пачка папярос. М. Ткачоў.
•••
Соценная вага — вага, на якой прадмет, што ўзважваецца, ураўнаважваецца ў сто разоў лягчэйшай гірай.
...соценны, ‑ая, ‑ае.
Другая састаўная частка складаных слоў, якая ўносіць значэнне: які змяшчае столькі соцень, колькі паказана ў першай частцы, напрыклад: трохсоценны, васьмісоценны.
со́ценька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.
Разм. Ласк. да сотня (у 1 знач.).
со́цкі, ‑ага, м.
У дарэвалюцыйнай Расіі — выбарная асоба з сялян, якая дапамагала паліцыі падтрымліваць парадак у вёсках. Ураднік апусціў вочы і зірнуў на стражніка, стражнік — на соцкага. Соцкі стаяў бокам і смяяўся ў рукаў. Колас.
со́цыум, ‑у, м.
Агульная назва груповак людзей у грамадстве, якія вылучаюцца на падставе разнастайных сацыяльных прыкмет (сям’я, вытворчы калектыў, нацыя і пад.).
со́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. сачыць 1 (у 4 знач.).
со́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць сочнага. Сочнасць травы. Сочнасць яблыкаў.
со́чны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і сакавіты. Растуць, цвітуць сады і вінаграды, У сонцы спеюць сочныя плады. Купала. І сонца узышло! Трубі, трубі, пастух! Склікай кароў сваім вясёлым клічам. Травою сочнаю іх пачастуе луг, Напоіць рэчка іх вадой крынічнай. Панчанка. З-за тоўстых сочных губ паказваліся вялікія конскія зубы. Крапіва.
со́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Памянш. да саха (у 1 знач.). Пагукваў дзядзька ўжо на полі І ткаў сахою кросны-ролі, Ды пырнік так укараніўся, Што дзядзька з конікам таміўся, Як сошку часта ён спыняе, І пырнік дзікі вытрасае. Колас.
2. Жэрдка, падпорка з развілкай, якая выкарыстоўваецца пры збудаванні палаткі і пад. Пад дрэвам стаяла нязграбная палатна: на чатыры сошкі былі напяты посцілкі і дзяругі. М. Ткачоў.
3. Падстаўка з развілкай, якая выкарыстоўваецца пры стральбе з упору, а таксама прыстасаванне для ўпору ствала ручнога кулямёта, мінамёта. Кулямётныя сошкі.