Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сніць, сню, сніш, сніць; незак., каго-што, аб кім-чым, з дадан. сказам.

1. Бачыць сон (сны), бачыць у сне. — Я цябе сніла, мама. Не адзін раз, а многа! Брыль. Людзі былі ў тым стане зморанасці, калі чалавек можа заснуць ідучы ці зусім паваліцца ў гразь і праз хвіліну сніць, што ляжыць у мяккім ложку. Шамякін. Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў, Што буду я вольны, што буду шчаслівы. Купала. / у перан. ужыв. Прасторы бязмежныя спяць аб вясне... Куляшоў. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка.

2. перан. Марыць аб чым‑н., спадзявацца на што‑н. Мільгаюць мошкі і стракозы, А ты [Сымон] сядзі ды мары сні. Колас.

•••

І не сніў (сніла) — і не думаў (думала) пра што‑н. Дзень у дзень Я ў полі Працаваў сяўбою. І не сніў ніколі Стрэцца тут з табою. Гілевіч.

сноб, ‑а, м.

1. У буржуазна-дваранскім грамадстве — чалавек, які слепа трымаецца моды, густаў і манер «вышэйшага свету».

2. Чалавек, які беспадстаўна прэтэндуе на вытанчаны густ, манеры, асобую інтэлектуальнасць і пад.

[Англ. snob.]

сноп, снапа; мн. снапы, ‑оў; м.

1. Звязаны пук зжатых сцёблаў збажыны і некаторых іншых культур. [Аня] паволі перавязала хустку, устала са снапа, выпіла з гладышкі цёплай вады і падалася да сястры жаць. Мележ. Жанкі на густым жыце панажыналі па пяцьдзесят снапоў. Мурашка. // чаго. Вялікі пук, бярэмя якіх‑н. раслін. Цэлы сноп .. [кветак], белых, светла-ружовых, малінавых, стаяў на стале. Васілевіч.

2. перан.; чаго. Паток чаго‑н. (праменяў, іскраў і пад.), які разыходзіцца пучком. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў. Колас. Угору шугануў сноп іскраў. Ваданосаў.

•••

Як сноп (паваліцца, упасці і пад.) — усім целам, цяжка (паваліцца, упасці і пад.).

снопавяза́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Сельскагаспадарчая ўборачная машына, якая вяжа сцёблы збажыны ў снапы. Старшыні скардзяцца, што шпагатам сельмаг не забяспечыў. Няма чым снопавязалкі запраўляць. Лобан.

снопавяза́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаны, служыць для вянкі снапоў. Снопавязальны апарат камбайна.

снопавяза́льшчык, ‑а, м.

Той, хто вяжа зжатую збажыну ў снапы.

снопавяза́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да снопавязальшчык.

снопападава́льнік, ‑а, м.

Прыстасаванне ў малацілках для падачы снапоў у малацільны барабан.

снопапад’ёмнік, ‑а, м.

Прыстасаванне для пад’ёму снапоў.

снопападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны з выгляду на сноп.