Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

смолацячэ́нне, ‑я, н.

Узмоцненае выдзяленне смалы са ствала ці сукоў хвойных дрэў пры іх пашкоджанні.

смо́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад смаліць ​1.

2. у знач. прым. Апрацаваны смалой, насычаны ёй. Смоленая бочка. Смоленая лодка. Смолены канат.

смо́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Тое, што і смаленне.

смо́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

1. Ласк. да смала (у 1 знач.). На вішнях смолка сочыцца з кары. Вялюгін.

2. Сумесь хваёвай або яловай смалы з пахучымі рэчывамі. Курыльная смолка. Пахучая смолка.

3. Спец. Сінтэтычнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца пры закаркоўванні бутэлек.

смо́лка 3, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Лугавая травяністая расліна сямейства гваздзіковых з ружовымі кветкамі і клейкімі зверху сцёбламі. Невысокая трава паабапал стракацела жоўтымі люцікамі, ружовымі смолкамі, сінімі званочкамі. Ваданосаў.

смо́лкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Тое, што і смалісты (у 1 знач.). Ліплі да пальцаў смолкія стружкі і трэскі, якія Міша кідаў у агонь. Арочка.

2. Намазаны, насычаны смалой (у 2 знач.). І квач, кудзеляю абкручаны, Па смолкай грубцы гарцаваў. Свірка.

смоль, ‑і, ж.

1. Смала (звычайна ў паэтычнай мове). Пахне смоллю Лясной, Аплывае жывіца. Лужанін. Усё было мне міла тут: Над Нёманам зялёны кут, Палі шырокія, узгоркі, І смоль сасны, і ў небе зоркі. Астрэйка. Векавечны, хмуры бор Горда ўзносіцца высокі, Моцна пахне хвояў смоль Ад пякучай ліпня спёкі. Жылка.

2. Смалісты кавалак драўніны; смаліна. Нават хата старая, ад таго, што гарэла на к[а]мінку смоль.., здалася прытульнай, цёплай. Галавач.

3. Гарэлае, гар; смаль. Мост дагараў. Пахла дымам, смоллю. Лынькоў. Ад Бугроў нясло чадам і смоллю. М. Ткачоў.

4. перан. Пра чорныя валасы; наогул што‑н. чорнае. Толькі і было той адзнакі гадоў, што паважная сівізна, якая ўбілася неяк непрыкметна ў колішнюю смоль валасоў. Лынькоў. Кубанак смоль, Чупрын віхры — любому заглядзецца... Калачынскі.

•••

Як смоль (чорны) — вельмі чорны і бліскучы (звычайна пра валасы).

смо́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць смольнага. Смольнасць дрэва.

смо́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і смалісты. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас. Ад смольнага паху, разамлелай гарачыні злёгку кружыцца галава, стукае ў скронях. Навуменка. Ведай — лесаруба цяжкая работа, Трэба спрыт і дужасць смольны лес валіць. Хведаровіч. Святло падала на шчаку з ямачкай, на смольныя валасы і зграбную белую шыю. Алешка.

смо́льшчык, ‑а. м.

Рабочы, які займаецца смаленнем чаго‑н.

смо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і шморгаць. Сморгаць носам. □ — Но-о, паехалі! — сморгаў Мікалай коней за лейцы. Паслядовіч. Збянтэжаны Галілей тупаў каля Таццяны, сморгаў яе чамусьці за локаць і ўгаворваў: — Гэта, Таццяначка, добрыя слёзы... Зарэцкі.

сморж, смаржа, м.

Разм. Тое, што і смаржок. — Гэта смаржы, — сказаў Мірон, калі ўважліва разгледзеў .. [грыбы]. Маўр.