сме́шна,
1. Прысл. да смешны.
2. безас. у знач. вык., звычайна каму або з інф. Пра жаданне смяяцца. [Ядвіся] ж тут, але яго вочы не бачаць яе. І смешна ёй і радасна. Колас. Было смешна глядзець, як мой тоўсты дзядзька, нібы тая качка, перавальваючыся на кароткіх ножках, ціха падкрадваецца да куста. Каршукоў.
3. безас. у знач. вык., звычайна з інф. Дзіўна. Смешна, першыя дні шэрага хлеба не хапала. Мыслівец. Якая там стрэльба?.. Яе, папраўдзе сказаць, смешна і называць стрэльбай. Колас.
смешнава́та,
1. Прысл. да смешнаваты.
2. безас. у знач. вык., каму. Пра тое, што выклікае здзіўленне, жаданне смяяцца. Некаторыя камандзіры.. разумныя мальцы былі, а пачнуць яны меркаваць, дык мне спачатку смешнавата было на іхняе тыцканне пальцамі ў карту. Брыль.
смешнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Крыху смешны; дзівакаваты. Адзін [хлопец] быў малы, што кідалася ў вочы, і ціхі, нават здаваўся панурым і смешнаватым з-за носа — і савінага трохі, і прастадушна-вялікага. Брыль.
сме́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае смех, весялосць; пацешны, забаўны. Смешнае апавяданне. □ [Хлопец] быў, бадай, прыроджаны комін, бо ўмеў сур’ёзна гаварыць смешныя рэчы. Навуменка. [Таццяна] .. дзівілася, як гэта раней яна магла жыць без яго, без гэтага маленькага, смешнага, крыклівага стварэння. Шамякін. / у знач. наз. сме́шнае, ‑ага, н. Ды музыкі знаюць свае сцежкі — Смешнае іграюць без усмешкі. Лужанін. // Які выклікае насмешку, іронію сваёй недарэчнасцю. У гэты момант падаспеў пяты [чалавек], у вузкіх штанах і ў смешнай куртцы з двума хвастамі. Самуйлёнак. Смешны часам бывае чалавек з сваімі недарэчнымі перажываннямі. Зарэцкі.
2. Тое, што нельга ўспрымаць сур’ёзна. Розныя смешныя довады лезлі ў галаву. Бядуля. // Дзіўны. [Пракоп:] — Смешная ты, маці! Няўжо ты думаеш, што я такі дурны і палезу ў воду, не пабачыўшы броду? Колас.
•••
Да смешнага — у вышэйшай ступені, надзвычай. Вынаходства Андрэя было да смешнага простым, і таму аб ім неўзабаве ведаў увесь завод. Шахавец.
смі́рна 1, прысл.
Навыцяжку, не варушачыся і не размаўляючы (пра стойку пры камандзе). Стаяла некалькі вінтовак, састаўленых у козлы, чатыры паліцаі пры ўваходзе партызан зам[е]рлі па стойцы «смірна». Навуменка.
смі́рна 2, ‑ы, ж.
Пахучая смала.
[Грэч. smyrna.]
смог, ‑а, м.
Забруджанае дымам і пылам паветра, якое ў выглядзе туману доўгі час вісіць над горадам.
[Англ. smog ад smoke — дым і fog — туман.]
смок, ‑а, м.
Тое, што і цмок 1. [Сымон:] Скажыце ж мне хоць: нашто гэта зборышча склікаецца? [Незнаёмы:] Смока выганяць! Купала.
смо́ква, ‑ы, ж.
1. Плод смакоўніцы; інжыр, вінная ягада.
2. Тое, што і смакоўніца (у 1 знач.).
смо́кінг, ‑а, м.
Пінжак з чорнага сукна з адкрытай грудзінай і доўгімі, абшытымі шоўкам адваротамі.
[Англ. smoking-jacket.]
смолапераго́нны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаны для перагонкі смалы. Смолаперагонны куб.