смарка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Рэзкімі выдыхамі ачышчаць свой нос ад слізі. Чыр-р-р... Ч-ч-чыр... — аж шыпяць [сарокі]. Здаецца, нехта прастуджаны ў альшэўніку чысціць нос — смаркаецца. Пташнікаў. Крыўда агарнула Параску, крыўда на ўсіх, хто тут сядзіць, на маці, што плача ды ў хустку смаркаецца. Лобан. Верасневіч моцна на ўвесь двор смаркаецца, а потым старанна прыгладжвае валасы і азіраецца. Мурашка.
смарка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
Тое, што і смаркацца. Смаркаць нос.
смарка́ч, ‑а, м.
1. толькі мн. (смаркачы́, ‑оў). Слізь, якая выцякае з носа, збіраецца ў носе. — Смаркачы яшчэ з носа цякуць, а збіраюцца свет перайначыць... Божа ты мой, божа! от дачакаліся! — гаротна выгукваў дзед Піліп. Колас. — Смаркачы вытры! — злосна сказала сакратарка і рушыла назад у пакой. Навуменка.
2. Адна кропля гэтай слізі. Смаркач пад носам.
3. Разм. зневаж. Пра дзіця. Гэтак ішлі гады за гадамі. З смаркача выцягнуўся я ўжо на ладнага дзецюка. Ядвігін Ш. // Пра маладога нявопытнага ў справах чалавека. [Глушак:] «Зноў гэты смаркач [Сцяпан] утыкае нос свой куды не трэба!» Мележ. — Хо! Р-работнічак, танцор няшчасны, а машыну я за цябе ачышчаць буду, га-а? Ну, скажы ты мне, смаркач! — загарлапаніў .. [шафёр], паглядваючы то на застаўку, то на мяне. Вышынскі.
смарка́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. зневаж. Жан. да смаркач (у 3 знач.).
смарку́н, ‑а. м.
Разм. зневаж. Тое, што і смаркач (у 3 знач.). [Дзяўчаты:] — Работнічкі з вас, смаркуны няшчасныя, ямку рые каторы, як курыца грабе! Лынькоў.
смарчо́к, ‑чка, м.
Тое, што і смаржок. — Хутка смарчкі расці пачнуць, — сказаў Мацвей. — Грыбы такія. Самыя раннія. Лупсякоў. У пушчы, па котлішчах, асцярожна.. зразаў [Алесь] у кошык смарчкі. Гэта было ціхмянае, добрае паляванне. Караткевіч.
смаўжо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да смаўжа, уласцівы яму. Смаўжовыя рожкі.
сма́чна,
1. Прысл. да смачны.
2. безас. у знач. вык. Апетытна, са смакам, з задавальненнем. Смачна было есці ягады з цукрам. // перан. Разм. Прыемна, лёгка, па душы. [Юльцы] вельмі смачна рабіць тое, чаго няможна. Бядуля. А дзеду, бабцы яна [Марынка] удзячна, Што так ласкавымі былі І ім прытулак тут далі. Хоць і самім жыць не так смачна. Колас.
смачне́ць, ‑ее; незак.
Рабіцца, станавіцца больш смачным. [Садавод:] — Плод .. [грушы] мог ляжаць усю зіму і не псаваўся, а ўсё смачнеў. Кулакоўскі.