Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

смалаку́рня, ‑і, ж.

Смалакурнае прадпрыемства. Сосны вакол смалакурняў стаялі чорныя, нібы асмаленыя агнём. Хомчанка. Моцны, густы пах смаляных карчоў, жывіцы, настой дзёгцю, шкіпінару плавалі ў паветры над борам, над смалакурняй. Бялевіч.

смалакурэ́нне, ‑я, н.

Здабыванне смалы, шкіпінару, вугалю з драўніны хваёвых дрэў пры награванні без доступу паветра.

смалано́сны, ‑ая, ‑ае.

Які ўтрымлівае смалу; з якога здабываюць смалу. Смаланосныя расліны.

смале́нне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. смаліць ​1.

смале́нне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. смаліць ​2 (у 2 знач.).

сма́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад смаліць ​2 (у 2 знач.).

2. у знач. прым. Абпалены агнём. Смалены парсюк.

•••

Бачыць саву смаленую гл. бачыць.

смалёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.

1. Невялікі жук сямейства даўганосікаў, шкоднік хваёвых лясоў.

2. У батаніцы — адна‑, двух- і шматгадовая травяністая расліна сямейства гваздзіновых з белымі, ружовымі, чырвонымі кветкамі.

смалі́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для смалення ​1. Смалільныя прылады.

смалі́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца смаленнем ​1 чаго‑н.; той, хто смаліць ​1 што‑н.

смаліна́, ‑ы, ж.

Разм. Смаловае палена, смалісты кавалак драўніны, смаляк. Уладзік памаўчаў, падкінуў у агонь кавалак смаліны. Краўчанка. // Наогул пра што‑н., насычаны смалой. Гэткая смаліна, дзіва што палае... Такога клуба больш ужо не паставім... — уздыхнула маці і панесла назад у хату нейкі клунак. Місько.

смалі́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць смалістага (у 1, 2 знач.). Смалістасць дроў. // Ступень наяўнасці смалы ў чым‑н. Руская сасна не толькі не горшая, яна нават лепшая па смалістасці і больш дае жывіцы. Мяжэвіч.