смакава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад смакаваць.
смакава́цца, ‑куецца; незак.
Зал. да смакаваць.
смакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што і без дап.
Разм.
1. Есці або піць паволі, з асалодай, стараючыся адчуць смак чаго‑н. Але ж якім потым мёдам частавала маці, — еў бы, здаецца, штодня ды смакаваў бы! Лынькоў. Смакуюць ягады малыя... А пасівелыя дзяды Гады прыпомнілі былыя. І. Калеснік. [Лялькевіч] выцер рукавом пот і, закінуўшы галаву, пачаў піць павольна, смакуючы кожны глыток. Шамякін.
2. Есці або піць на пробу. Толькі пры лоўлі карася, ляшча і асабліва ліня, якія спачатку смакуюць, а ўжо потым глытаюць насадку, магчыма адхіленне ад.. правіла. Матрунёнак.
3. перан. Успрымаць, перажываць што‑н., адчуваючы асаблівае задавальненне; цешыцца з чаго‑н., радавацца чаму‑н. Варожыя языкі ахвотна перамолвалі ўсю гэту бязглуздзіца, упрыгожвалі яе не менш бязглуздымі дадаткамі, смакавалі з усіх бакоў. Крапіва. Мне хацелася смакаваць гэты сон, забыцца ў ім хоць на нейкую хвілю пра ўсё, хацелася працягнуць яго як мага далей. С. Александровіч. Памчымся мы на ніз крыніцы, Аж толькі вецер засвідруе! — Язду ўжо дзядзька тут смакуе. Колас.
сма́кавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да смаку (у 1 знач.). Смакавыя нервы. Смакавыя якасці прадуктаў харчавання.
смакану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да смакаваць (у 2 знач.).
смаката́, ‑ы, ДМ ‑каце ж.
Разм.
1. Што‑н. смачнае (з яды). І ўсё было такое смачнае, што за вушы, здаецца б, не адцягнуў ад такой смакаты. Сабаленка. Знойдзеш — абмацаеш яблык і ўвап’ешся зубамі ў кіславата-салодкую смакату!.. Брыль.
2. у знач. вык. Пра што‑н. вельмі смачнае; аб’ядзенне. [Мароз:] — Прыязджаем з Іванам Васільевічам — а там ужо стол з місай рыбы. Свежанькая, падсмажаная, масла на ёй кіпіць — смаката. Лобан. І ўсе арэхі спеленькія, жоўценькія, поўненькія, і нават калі пасушацца на печы, дык усё роўна зярняты на ўсю шкарлупку. Раскусіш арэх — а там такая смаката!.. Сачанка.
смако́тны, ‑ая, ‑ае.
Абл. Смачны. На стале, у густым воблаку пары — белая, сопкая бульба. Яна разварылася так, што, здаецца, вось-вось рассыплецца на смакотныя кавалкі. Палтаран.
смако́ўніца, ‑ы, ж.
Пладовае субтрапічнае дрэва сямейства тутавых з цвёрдай драўнінай і пладамі, прыдатнымі для яды; інжыр.
смако́цце, ‑я, н.
Тое, што і смаката. А дзядзька бы і не пачуў.. [Дзімку], усё соваў нос у пучок сена, уздыхаў: — Смакоцце, хоць сам бяры і еш... Капыловіч.
смакта́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да смактання. Смактальны рэфлекс.