Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

смаля́рня, ‑і, ж.

Тое, што і смалакурня. Калісь была тут смалярня. Ад яе засталіся толькі глыбы гліняных пячэй, дзе парыліся смалякі ды дробныя рэшткі пранятых смалою карчоў. Колас.

смара́гд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Назва некаторых мінералаў зялёнага колеру.

2. Тое, што і ізумруд. У жанчыны.. былі жаўтаватыя, мабыць ад еду, пальцы і на адным з іх пабліскваў маленькі смарагд. Савіцкі.

[Грэч. smaragdos.]

смара́гдавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да смарагду. Смарагдавы колер. // Зроблены са смарагду; са смарагдам. Смарагдавы пярсцёнак. Смарагдавая брошка.

2. Падобны на смарагд, такі, як у смарагду. Заглядае бярозка ў акно, уся прасякнутая сонцам, стройная і светлая ў сваім смарагдавым убранні. Хадкевіч.

смарга́нец, ‑нцу, м.

Расліна сямейства злакаў з каласкамі, сабранымі ў вялікія або малыя суквецці.

смаржко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да смаржка. Смаржковы соус.

2. у знач. наз. смаржко́выя, ‑ых. Сямейства сумчатых грыбоў, да якога адносяцца смаржкі.

смаржо́к, ‑жка, м.

Ядомы грыб на кароткай ножцы і з шапкай, паверхня якой маршчыністая, у звілістых складках. Кветак ніхто не рваў. Збіралі толькі дробнае шчаўе, і заечую капусту, ды яшчэ смаржкі — светла-карычневыя грыбы. Асіпенка.

смарка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. смаркацца, а таксама гукі гэтага дзеяння.

смаркану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да смаркацца.

смаркану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да смаркаць.

смарка́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, у якога цякуць з носа смаркачы. Малыя, галапузыя, брудныя, смаркатыя дзеці наперабой крычалі есці. Арабей. // Запэцканы смаркачамі. Малыя з чырвонымі смаркатымі насамі ляпілі бабу. Сачанка.

2. перан. Зневаж. Малы, малады; нязначны, няўмелы. [Тарас Тарасавіч:] — Разганю я вашу к[а]мпанію, жаніхі смаркатыя. Асіпенка. — Ах ты, выпаўзень смаркаты, — як бы і не злосна загаварыў Асцюк, — красці вучышся? Марціновіч. / у знач. наз. смарка́ты, ‑ага, м. — Ідзі, ідзі, смаркаты! — махнула вёдрамі Касмініха. Кулакоўскі.