Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ску́тасць, ‑і, ж.

Адсутнасць свабоды, лёгкасці ў дзеяннях, паводзінах і пад., скаванасць. Госця адказала таксама па-французску. І хоць памылак у вымаўленні не было — празмерная правільнасць мовы лепей за памылкі казала аб скутасці чалавека, які гаварыў. Караткевіч.

ску́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скуць.

2. у знач. прым. Які не мае свабоды, заняволены. Але верылі мы, Што не вечна тут цьма, І не вечна наш край будзе скуты. Журба. Даволі тупасці, слепасці Люду, што ў горы гарбеў! Б’е гнеў Петрапаўлаўскай крэпасці — Скутага розуму гнеў. Грачанікаў.

ску́тэр, ‑а, м.

Лёгкае быстраходнае спартыўнае судна з падвесным рухавіком; разнавіднасць, глісера.

[Англ. scooter.]

скутэры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спартсмен гоншчык на скутэры.

скутэры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да скутэрыст.

скуфе́йка, ‑і, ДМ ‑фейцы; Р мн. ‑феек; ж.

Памянш. да скуф’я; тое, што і скуф’я. Сівому манаху памагае малады, з рэдкай русай бародкай.. Абодва манахі ў белых палатняных падрасніках і ў чорных шапках-скуфейках. В. Вольскі.

скуфе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скуф’і.

скуф’я́, ‑і, ж.

Спічастая шапка з чорнага або фіялетавага аксаміту ў праваслаўнага духавенства, манахаў.

[Грэч. skuphia.]

скуць, скую, скуеш, скуе; скуём, скуяце; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і скаваць. Скуць ланцуг. □ Дарэмна каты лютуюць, — Народ ім не скарыць, Не скуць Карэю путамі. Танк.

ску́чанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць скучанага; цесната, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. на малой тэрыторыі. Скучанасць жывёлы на пашы. Скучанасць хат у старой вёсцы.