ско́рмліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скарміць.
ско́ры, ‑ая, ‑ае.
1. Які адбываецца з вялікай скорасцю. Сябры выходзяць крокам скорым. Сядзяць за півам, выпіваюць, Аб розных справах разважаюць. Колас. // Які рухаецца з вялікай скорасцю. Скоры поезд. / у знач. наз. ско́ры, ‑ага, м. Яшчэ некалькі секунд — і вось ужо скоры як віхор праляцеў міма. Васілёнак.
2. Разм. Здольны імкліва, хутка дзейнічаць. Скоры ў рабоце. □ А Уладзік .. быў хлопчык жвавы, непаседлівы, скоры да бойкі з сваімі сябрукамі. Колас. Каб мне тады сённяшні розум! Але я — ад роду купаны ў гарачай вадзе — у той час быў вельмі скоры на рашэнне. Карпюк. // Схільны спяшацца; нецярплівы. [Міхальчук:] — Хай ідзе ячмень. На тыдзень хопіць для малатарні? [Мікалай:] — Які ты ў мяне скоры! Хаця б за два ўправіліся. Якімовіч. Як да чаркі — скоры, як да працы — хворы. Прыказка.
3. Які адбываецца хутка, у кароткі тэрмін. Скоры ад’езд.
4. Такі, які павінен адбыцца ў хуткім часе. [Валошын:] Пайшлі, таварышы, Пайшлі. Да скорага спаткання, хлопцы. Глебка.
•••
На скорую руку гл. рука.
На скорым часе гл. час.
скос, ‑у, м.
1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. скасіць 2 — скошваць 2.
2. Пакаты бок чаго‑н.; схіл, адхон. Скос скалы. Скос берага рэчкі.
ско́са, прысл.
1. Скасіўшы вочы; збоку. Віктар увесь час скоса пазіраў на хлеб. Маўр. Чэмпіён, не зважаючы ні на кога і сам скоса любуючыся сваімі значкамі, ганарыста прайшоў да піянерважатага. Скрыпка. Майка не павярнулася на, крокі, а калі .. [Алесь] пазваў яе, скоса ўскінула на яго дзікаватыя і нібы разгневаныя вочы. Караткевіч.
2. перан. Недаверліва, падазрона, недружалюбна. Ходзячы па двары, па хаце, заўважыў Агей, што пазіраюць сыны [адзін на аднаго] скоса, не па-людскому. Галавач. Мне здалося, што гнеў старога трошачкі адпаў, хоць ён і скоса глянуў на мяне, як на якога злачынцу. Сабаленка.
3. Па дыяганалі, пад вуглом да прамога напрамку. Ад святла, што скоса падае ў акно на Валіны рукі, абгортка марожанага падобна на бліскучы і туманны кавалак лёду. Савіцкі.
ско́сак, ‑ска, м.
Спец.
1. Коса зрэзаны клін (тканіны, дрэва і пад.).
2. Каса, якая за доўгі перыяд працы зрэзалася, стала вузкай.
ско́сы, ‑ая, ‑ае.
Недаверлівы, падазрона, непрыязны (пра позірк). Скосы позірк.
скоў, скову, м.
Спец. Месца, дзе скавана што‑н.; шво.
ско́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. скаваць (у 2 знач.).
ско́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да скавацца.
2. Зал. да скоўваць.
ско́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скаваць.