склясці́, скляну, склянеш, скляне; скляпём, скленяце; пр. скляў, ‑ла, ‑ло; зак., каго-што.
1. Падвергнуць праклёну, праклясці. Хацелася склясці свой няўдалы лёс. Грамовіч.
2. Выказаць моцнае абурэнне, нездаволенасць кім‑, чым‑н.; аблаяць каго‑н. Адкашляўшыся, дзед перш-наперш моцна скляў падасланага пісарам прайдзісвета. Якімовіч. — Вось людзі! Вось прорва! Каня шкадуюць. А каб вам бог смерці пашкадаваў! — скляў Тодар. Крапіва.
скме́ціць, скмечу, скмеціш, скмеціць; зак., каго-што або з дадан. сказам.
Абл. Прыкмеціць, заўважыць. Цётка Паўліна такі скмеціла, як перакідваліся позіркамі старшыня з Зосяю. Сабаленка. Пайсці на рыбу — значыць кінуць без нагляду лес, а нехта адразу скмеціць, што ляснік на Нёмане боўтаецца, і дасць волю сякеры. Лужанін.
скна́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Надзвычай скупы чалавек. [Патржанецкі:] — А Сорка яго, выбачайце, такая скнара... Над кожным кавалкам дрыжыць. Чарнышэвіч. [Грышка:] — Нельга быць такім скнарам, як твой бацька. Ён табе шкадуе кавалка хлеба, а не тое, што каму-небудзь. Паслядовіч.
скна́рлівасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць скнарлівага, надзвычайная скупасць. У хаце Раманоўскіх часта нядобрым словам успаміналі Сухавеяў, расказвалі пра іх скнарлівасць і нечалавечнасць. С. Александровіч.
скна́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Надзвычай скупы, прагны (пра чалавека). Гарэла мука, чай, тытунь — усё тое, над чым яшчэ ўчора калаціўся скнарлівы Кід і што так патрэбна было бедным чукоцкім ярангам. Бяганская. // Уласцівы скупому чалавеку. Па беражліваму, нават скнарліваму характару .. [гаспадыні] я добра ведаў, што адна з .. [шаф] была завалена атопкамі чаравікаў, дзіравых валёнак, рознай абутковай старызнай. Ракітны.
скна́рнасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць скнарнага. Гэтыя жанчыны пазбаўлены той грубай эгаістычнай сілы і той сялянскай скнарнасці, якою так багата надзяліў пісьменнік сваіх герояў. Хведаровіч. [Андрэй:] — Няма ў маёй душы ні прагнасці да багацця, ні кулацкай скнарнасці. Машара.
скна́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Быць скнарай, праяўляць надзвычайную скупасць. Ад парога [старшыня] дадаў тым жа строгім і ўладарным голасам, .. каб Сямён не скнарнічаў, а зрабіў патрэбнае неадкладна ж. Савіцкі.
скна́рны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і скнарлівы. Антоля дасціпная да ўсялякай работы і праз меру скнарная кабета. Якімовіч.
скна́рыстасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць скнарыстага. [Аміля] гаварыла пра неахайнасць Сёмкі Фартушніка, пра яго скнарыстасць. Чорны.