сіратлі́васць, ‑і, ж.
Стан сіратлівага. Пачуццё сіратлівасці.
сіратлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, як у сіраты. Сіратлівы выгляд. // Які праходзіць у адзіноце. Сіратлівая старасць. // Поўны пачуцця пакінутасці, адзіноты. Над лугам загаласіла — той самай жніўнаю песняй — жалейка. Сіратлівая, сумная песня!.. Брыль. Не было каму сагрэць яго сіратлівае сэрца. Валасевіч.
2. перан. Які знаходзіцца асобна ад іншых; адзінокі. Далёка сіратлівыя Мігаюць аганькі. Танк. Увосень.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. // Сумны, маркотны, бязрадасны. Як толькі больш прыкметна адчувалася дыханне восені, з дуба з нейкім сіратлівым, ледзь чутным шорахам зляталі адзін за другім лісты. Даніленка. Мой родны, сіратлівы дом — Бязлісты вяз з пустым гняздом, Але ўжо ловіць прагны слых Ваш лет, далёкія буслы. Вітка. Поле ляжала сумнае, сіратлівае. Новікаў.
сіраце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца сіратой, траціць сваіх бацькоў; быць сіратой. І вось — Алеся сірацее. Таўбін.
2. перан. Жыць гаротна, цяжка, быць пазбаўленым сувязі з блізкімі. Самі вы [партызаны] гаротна сірацелі, Каб зямля не ведала сіроцтва. Лось. // Пусцець, трацячы каго‑, што‑н. Сірацее хата без гаспадара. // Быць у адзіноце, мець самотны выгляд. Восень брала сваё. За акном сірацеў маладзенькі клён. Гаўрылкін. Нарэшце Лявон дайшоў да хмызняку, за якім разбягаўся папар, шарэла бязлюдная шаша і сірацеў адзінокі грузавік. Хадановіч. Кволасць і знямога .. адчуваліся ва ўсім: у слабым зіхаценні ўжо халаднаватага марыва, у самотным іржышчы, што млява сірацела на сонцы. Б. Стральцоў.
сіраці́на, ‑ы, м. і ж.
Разм. Тое, што і сірата. Адзін ён цяпер, сіраціна: Ні маткі няма, ні сястры. Колас. [Волька] праніклася жалем да сяброўкі, да яе цяжкага лёсу сіраціны... Ваданосаў. / у перан. ужыв. А пад шчытам на павуціне Нішчымны колас-сіраціна Ў зацішку лёгенька гайдаўся. Колас.
сіраці́ць, ‑рачу, ‑раціш, ‑раціць; незак., каго-што.
Рабіць сіратою. [Лявэр:] — І я падумаў сабе — ну, а чаму я павінен сіраціць сваіх дзяцей? Чорны.
сіро́ка, нескл., м.
Сухі гарачы паўднёвы або паўднёва-ўсходні вецер у Міжземнаморскім басейне. Хутка надвор’е пачало псавацца, моцны сухі сірока загнаў нас на карму. Рамановіч.
[Іт. sirocco.]
сіро́п, ‑у, м.
1. Канцэнтраваны раствор цукру (звычайна з фруктовым ці ягадным сокам). Вішнёвы сіроп. □ [Тамара:] — Зайдзі да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькі што прынеслі сіфон. І сіроп ёсць. Шамякін. / у перан. ужыв. Ты сам адмахнуўся ад лёскату славы. Сіроп усхваленняў табе не па густу. Чарнышэвіч.
2. Густы адвар, прыгатаваны з сокаў лекавых траў.
[Фр. sirop.]
сіро́павы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і сіропны. Сіропавае пітво.
сіро́пны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сіропу. / у перан. ужыв. Іван Васільевіч перачытваў нудны і сіропны нарыс пра калгаснага пастуха. Шамякін.
сіро́тка, ‑і, ДМ ‑тку, Т ‑ам, м.; ДМ ‑тцы, Т ‑ай (‑аю), ж.; Р мн. ‑так.
Памянш.-ласк. да сірата.