Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сіпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Гаварыць сіпатым голасам. Сіпае дзяўчына, і ані не разабраць ніводнага слова. Ермаловіч. Ячны сіпае праз суконную хустку, якой абвязана шыя да самых вуснаў. Брыль. Бабка, гаворачы гэта, аж сіпала ад абурэння. Колас.

сіпе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сіпець; гукі гэтага дзеяння. Даходзяць толькі гукі — выццё снарадаў, .. сіпенне асколкаў... Мележ. [Ракета] з сіпеннем узвілася ўгору і ярка-белым камяком агню ўпала ў рэчку. Хомчанка. [Кобра] з лёгкім сіпеннем маланкава ўскідваецца на рукі заклінальніка. «ЛіМ».

сіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. Утвараць сіплыя гукі. Потым.. [гаспадар] карміў парсюка, завіхаўся каля печы, там нешта сінела, выкіпала, прыгарала. Хомчанка. Дзед.. калупаў ды прадзьмухваў люльку, якая пачынала пры гэтым сіпець на ўсе лады. Лынькоў. Сіпеў.. недзе ў шэрых прыцемках паравоз. М. Стральцоў.

2. Гаварыць сіплым голасам, вымаўляць сіплыя гукі. Глушак стары яшчэ доўга сіпеў, гразіўся, злосна снуючы з кутка ў куток, аж пакуль не ахрып, не знямогся зусім. Мележ. — Э-э... Дрэнь... — сіпіць.. [Грыпіна] прастуджаным голасам. Пташнікаў. // Шыпець, выказваючы нездавальненне кім‑, чым‑н. Цяпер [Рак-Кандэрскі] прыходзіць у канцылярыю раней за ўсіх, .. корпаецца ў паперах і ўвесь дзень сіпіць на маладых сакратарак і машыністак. Навуменка. Наш поспех ім — пад сэрца клін. Яны дасюль сіпяць ад злосці, Што мы ўзялі ў баях Берлін. Зарыцкі.

сі́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

Тое, што і сіпата. Сіпка ў голасе. □ — Ва-ады... — прасіла.. [Таня], але не чула сябе: мусіць, горла сціснула сіпка. Пташнікаў.

сіплава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху сіплы. Знаёмы сіплаваты голас Адзярыхі пачуўся недзе з боку. Пянкрат.

сі́плы, ‑ая, ‑ае.

Прыглушана-хрыплы, з лёгкім сіпеннем і прысвістваннем (пра голас, гукі чаго‑н.). Праводзячы нас, Эдуард Людвігавіч сіплым голасам сказаў на развітанне: — Хворы я, стары! Хведаровіч. Канцы яе [вароны] крыл[аў] свіціліся, як канцы сцёртага веніка, і пры ўзмахах іх даносіўся сіплы свіст паветра. Карпюк. Нізкі, сіплы гудок цеплавоза скалануў паветра. Радкевіч.

сі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сіл, ‑ла; незак.

Рабіцца сіплым; пачынаць сіпець. Голас сіпне.

сіпу́ха, ‑і, ДМ ‑пусе, ж.

Птушка атрада соў са светлым апярэннем.

сірата́, ы́, ДМ ‑раце́; мн. сіро́ты (з ліч. 2, 3, 4 сіраты́), ‑ро́т; м. і ж.

Дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або без абодвух бацькоў. [Вучні:] — Сірата ён [Пеця]. Няма ні бацькі, ні маткі. Ракітны. [Казік] застаўся сіратою ад чатырох год. Чарнышэвіч. [Хлопцы:] — Ён Зосін, а прозвішча іхняе Малец. У яго толькі маці, ён сірата. Брыль. Рос я круглым сіратою. Колас. Сямі гадоў асталася Настулька круглаю сіратою. Цётка. // Чалавек без родных, блізкіх; адзінокі чалавек. [Юзік:] — Жанчыны нашы сіротамі застануцца. Хто цяпер цябе тут заменіць? Крапіва. Крыху адышоўшыся, ціха [стары Казімір] дадаў: — Але не забудзь і таго, што ты мой сапраўдны сын і што без цябе я застануся сіратою... Пестрак. / у паэт. ужыв. Спее адзінокі Колас сіратой. Колас.

•••

Казанская сірата — пра чалавека, які прыкідваецца няшчасным, каб разжаліць каго‑н. [Мікола:] — Яму [Васілю] далягляды адкрываюць, а ён прыкідваецца казанскай сіратой. Васілёнак.

сіратлі́ва,

1. Прысл. да сіратлівы.

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё, стан адзіноты, пакінутасці. А што запомнілася асабліва? — Было няўтульна і сіратліва. Вярцінскі. [Зарына:] Сіратліва ў маёй старане... Бачыла.