сіня́вы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і сіняваты. Пад стрэхамі вісяць ледзякі. У цяні яны сінявыя, на сонцы — празрыста-ружовыя. Бядуля. Сінявае неба над галавой стала падобна на вялікае возера. Савіцкі.
сіня́к, ‑а, м.
1. Пасінелае месца на целе, твары як след ад удару і пад. Саўка, змяты і збіты, у сіняках і з наручнікамі, ступіў крокі два да стала і спыніўся. Колас. Усё цела хлопчыка было ў сіняках, правая рука распухла і не згіналася. Сіняўскі.
2. Меданосная ядавітая расліна сямейства бурачнікавых.
сінякры́лы, ‑ая, ‑ае.
З сінімі крыламі. Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі Сінякрылы матылёк. Багдановіч. / у паэт. ужыв. Іду, а неба нізкае, А ночка сінякрылая, І ўсё да болю блізкае, І ўсё — старонка мілая! Гілевіч.
сіняшы́йка, ‑і, ДМ ‑шыйцы; Р мн. ‑шыек; ж.
Невялікая пеўчая птушка сямейства драздовых з яркім апярэннем, здольная пераймаць спеў іншых птушак.
сіп 1, ‑у, м.
Тое, што і сіпата; асіпласць.
сіп 2, ‑а, м.
Буйная птушка падатрада сапраўдных драпежных з бурым апярэннем і белым пухам на галаве і шыі (жыве ў высакагорных раёнах).
[Ад грэч. gyps, gypós — каршун.]
сіпава́ты, ‑ая, ‑ае.
Крыху сіпаты, сіплы. — Хораша ў нас на Волзе! — вымаўляе падарожны грудным, трохі сіпаватым голасам. Багдановіч. Яшчэ некалькі хвілін і гэтая сіпаватая песня паравоза абарвалася, прыціхла. Колас.
сіпа́й, ‑я, м.
Гіст. Наёмны салдат англійскага каланіяльнага войска ў Індыі, якое фарміравалася з мясцовых жыхароў у 18–20 стст.
[Ад перс. sepahi — салдат.]
сіпа́йскі, ‑ая, ‑ае.
Гіст. Які мае адносіны да сіпая, які належыць, уласцівы яму. Сіпайскае войска. Сіпайскае паўстанне.
сіпата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.
1. Уласцівасць і стан сіпатага; сіпатыя гукі. Ад натугі.. голас [хлопчыка] то бадзёра ўзлятаў, то з сіпатой спадаў. М. Ткачоў.
2. Адчуванне сухасці ў горле, што перашкаджае яснасці, выразнасці мовы. Сіпата ў горле. Крычаць да сіпаты.
сіпа́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан сіпатага. Сіпатасць голасу.