Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

інты́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць інтымнага. Інтымнасць перажыванняў. Інтымнасць адносін.

інты́мнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Весці інтымныя размовы, дапускаць інтымнасць у абыходжанні. [Красуцкі] не інтымнічае ад таго, што рана раскрываць свае карты. Нічога яшчэ ён не дамогся. Навуменка.

інты́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Глыбока асабісты, патаемны, запаветны. Інтымнае жыццё. □ Лясніцкаму не заўсёды падабаліся жарты камандзіра і асабліва яго празмерная цікавасць да асабістых інтымных перажыванняў і пачуццяў камісара. Шамякін. Такая ўзнагарода была для Сушкевіча нечаканай. Праўда, былі іншы раз думкі аб гэтым. Але гэта былі самыя інтымныя думкі, якіх ён саромеўся нават сам. Дуброўскі. // Які датычыцца пачуццяў; сардэчны, любоўны. Інтымныя прыгоды. Інтымная лірыка. □ [Змітрок] ведаў, што пра Іну.. [Галі] расказваў Іван. Але не тое, што дзяўчына ведае аб яго інтымных справах з Інай, непакоіла яго. Ваданосаў.

2. Блізкі, сяброўскі, сардэчны. Анцыпік як бы прадчуваў замах свайго суседа і стараўся ўхіліцца ад усякіх адкрытых і інтымных гутарак. Колас. Успаміны-развагі паэта ўзрушаюць асабліва таму, што вядуцца яны ў вельмі даверлівым, інтымным тоне, надзвычай проста і натуральна. Ярош.

[Фр. intime.]

інтэграва́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Знайсці (знаходзіць) інтэграл пэўнай функцыі.

2. Кніжн. Аб’яднаць (аб’ядноўваць) часткі чаго‑н. у адно цэлае.

[Ад лац. integrare — узнаўляць.]

інтэгра́л, ‑а, м.

Паняцце ў матэматыцы аб цэлай велічыні як суме сваіх бясконца малых частак.

[Ад лац. integer — цэлы.]

інтэгра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да інтэграла. Інтэгральнае вылічэнне. Інтэгральныя ўраўненні.

2. Кніжн. цэласны, адзіны.

інтэгра́тар, ‑а, м.

Прыбор для механічнага вылічэння плошчаў і інш.

інтэгра́цыя, ‑і, ж.

Кніжн. Аб’яднанне ў адно цэлае якіх‑н. частак. Эканамічная інтэграцыя сацыялістычных краін.

інтэле́кт, ‑у, М ‑кце, м.

Розум, здольнасць чалавека мысліць, разважаць. Тонкі інтэлект. □ [Чалавек], які ўдасканальвае свой інтэлект, імкнецца самага добрага, светлага.. — ён, сапраўды самы прыгожы. Дубоўка. // Узровень разумовага развіцця. Чалавек вялікага жыццёвага вопыту і багатага інтэлекту. Адам Юр’евіч вельмі сур’ёзна ставіўся да выхавання дзяцей. Майхровіч.

[Лац. intellectus.]

інтэлектуа́л, ‑а, м.

Пра чалавека з высока развітым інтэлектам, а таксама пра чалавека разумовай працы. [Каладкевіч] — чалавек-легенда, інтэлектуал, важак, асоба ў самым высокім сэнсе гэтага слова. Мехаў. Нідзе ва ўсім.. горадзе так не ішлі кнігі і часопісы, як у гэтым інстытуце. «У нас — інтэлектуалы», — з гордасцю сказаў прарэктар. Шамякін.