Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

развішча́цца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑тачыцца; зак.

Пачаць доўга і моцна вішчаць.

разво́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разводзіць — развесці (у 1–3 і 5 знач.).

2. Спец. Агляд і размеркаванне па пастах вайсковых падраздзяленняў, прызначаных у каравул. Удвух усё агледзелі, што трэба агледзець пры здачы дзяжурства, .. зрабілі развод каравулаў, і чырвоная павязка з белым надпісам апынулася на рукаве Макарава. Алешка.

3. Скасаванне шлюбу. [Павалковіч:] — Якім можа быць мужам табе [Тані] вечны арыштант? Мы наладзім развод. Машара.

4. Прыстасаванне, якое дазваляе падоўжыць павозку, драбіны і пад. Драбіны з разводам. // толькі мн. (разво́ды, ‑аў). Разм. Разведзеныя калёсы. Юрка ўспомніў, што браканьеры — два мужчыны на разводах — не ездзяць болей .. у Сырніцу. Пташнікаў.

5. Нахіл зубоў пілы ў процілеглыя бакі адносна яе плоскасці. — Не пацягнуць [пілы]. Мусім па два разы рабіць. — Развод малаваты, — растлумачыў Вежавец. Грахоўскі.

•••

На развод — а) з мэтай развесці, размножыць (пакідаць, даваць каго‑, што‑н.); б) вельмі мала.

разво́ддзе, ‑я, н.

Веснавая вада, вясенні разліў. Часамі на перавалах, дзе разводдзе бушавала з нястрыманаю сілай і кідала лодку, як трэску, прыходзілася налягаць на вясло, каб выбрацца з небяспечных віроў. Колас. — Разводдзе зрабіла гэты лес востравам, на якім павінны ратавацца ўсе жывёлы, што жывуць у гэтых мясцінах. Маўр.

разво́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

1. Незак. да развесціся.

2. Зал. да разводзіць.

разво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.

Незак. да развесці.

•••

Разводзіць антымоніі — весці пустыя, непатрэбныя размовы.

Разводзіць каніцель — тое, што і цягнуць каніцель (гл. цягнуць).

Разводзіць філасофію — адцягнена і шматслоўна разважаць.

разво́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Інструмент для развядзення зубоў пілы.

2. Абл. Разведзеная з мужам жанчына. [Брыгадзір:] — Жыве тут адна разводка. У краме працуе. Маладая, без дзяцей. Навуменка.

3. Спец. Вадкая сумесь; раствор. Вадкая разводка бактэрый.

разво́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да разводу (у 3 знач.). Разводная справа.

разво́дчык, ‑а, м.

Той, хто разводзіць каго‑, што‑н. (гл. развесці ў 1, 2, 5 знач.). Разведчык маста. Разведчык пілы.

разво́ды, ‑аў; адз. няма.

Узоры, узорысты малюнак (часцей у палосы). Тарасіха надзявае новы андарак: чырвоны з чорнымі разводамі і белую вышываную кофту. Асіпенка. Неба на захадзе было ў халодных ружовых разводах. М. Стральцоў. // Разм. Няроўныя, звілістыя падцёкі. На шкле з’явіліся плямы і разводы.

разво́жаны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Разбіты, размешаны на куламесу, кісель (пра гразь, гразкую дарогу). Сярод чорнай развожанай гразі бліскалі лужыны, яны адбівалі ў сабе хмурнае неба, вуліцу, перакуленыя ўніз верхавінамі дрэвы. Арабей. // Пакрыты мокрай граззю, брудам. Мірончык скакаў з дзеркачом пад нагою па мокрай развожанай падлозе. Лобан.