Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

сімвалі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе сімвал; сімвалізуе што‑н. Сімвалічны знак. Сімвалічны вобраз. □ Ужо сам загаловак «Новае рэчышча» сімвалічны. Гіст. бел. сав. літ. На вокладцы кнігі М. Гамолкі «Дзень добры, школа!» намалявана амаль сімвалічная сцэна. Шкраба. // Які сведчыць пра наяўнасць сімвала ў чым‑н. Глыбокі сімвалічны сэнс набывае фінал паэмы. Івашын.

2. Умоўны. Але невялікі, хутчэй за ўсё сімвалічны ганарар у «Першай беларускай», я ўпэўнены, ніхто б не прамяняў на зарплату за якую іншую працу. «Полымя».

сімво́ліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж.

1. Сімвалічнае значэнне, што прыдаецца чаму‑н. Сімволіка хімічных элементаў. Сімволіка кветак.

2. зб. Сімвалы; сукупнасць якіх‑н. сімвалаў. Піянерская сімволіка. □ Выкарыстанне народнай сімволікі было вельмі характэрным і для дакастрычніцкай творчасці Янкі Купалы. Гіст. бел. сав. літ.

сімента́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Карова сіментальскай пароды. Карова старая, з адвіслым бокам, даўно б пара збыць, але вельмі малочная, сіменталка. Навуменка.

сімента́льскі, ‑ая, ‑ае.

Пра пароду буйнай рагатай жывёлы, якая выведзена ў Швейцарыі і вызначаецца высокімі малочнымі і мяснымі якасцямі. // Які мае адносіны да такой пароды. Сіментальская карова.

[Ад назвы даліны Simmental у Швейцарыі.]

сіметры́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сіметрычнага. Сіметрычнасць архітэктурных кампазіцый.

сіметры́чны, ‑ая, ‑ае.

Пабудаваны па закону сіметрыі; які мае сіметрыю. Планіроўка дома строга сіметрычная. Цэнтр — вялікая зала, з якой калідорамі можна трапіць у жылыя пакоі. «Помнікі».

сіметры́я, ‑і, ж.

Суразмернае, прапарцыянальнае размяшчэнне частак чаго‑н. у адносінах да цэнтра, сярэдзіны; суразмернасць, прапарцыянальнасць у размяшчэнні чаго‑н. Сіметрыя частак чалавечага цела. □ Два сукаватыя фікусы расстаўлены па кутках, дзеля сіметрыі. Лось.

[Ад грэч. symmetria.]

сімпатызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак., каму-чаму.

Адчуваць сімпатыю, адносіцца з сімпатыяй да каго‑, чаго‑н. Я так прызвычаіўся .. да жыхароў хаткі, што пачаў сімпатызаваць ім і нават вітацца з бабулькай. Няхай. Міровіч сімпатызуе Машэку, падаючы яму, як мы ўжо бачылі, вельмі станоўчыя рысы. Сабалеўскі. Жыхары мястэчка сімпатызавалі гімназіі і ганарыліся ёю. У. Калеснік.

сімпаты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сімпатычнага ​1.

сімпаты́чны ​1, ‑ая, ‑ае.

Які выклікае сімпатыю, прывабны (пра чалавека). На мяне ветліва, з запытальнай усмешкай, глядзіць сімпатычная чарнавокая шатэнка. Шынклер. — Сімпатычныя людзі твае латышы! — адазваўся Павал. Гартны. // Мілы, прыемны. Сімпатычны голас. □ Нешта вельмі шчырае было ў пявучым голасе, у грубаватым, але сімпатычным твары жанчыны. Васілевіч. / Аб прадметах. Сімпатычны гальштук. Сімпатычны дамок.

сімпаты́чны ​2, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які мае адносіны да аддзела вегетатыўнай нервовай сістэмы. Сімпатычная нервовая сістэма. Сімпатычны нерв.

2. Які ўзнікае, аддаецца на іншых, блізкіх або сіметрычна размешчаных участках. Сімпатычныя болі ў зубах.

3. Які дае палёгку, аслабленне болю ў хворых (пра нейтральныя лекавыя сродкі). Сімпатычныя сродкі.

•••

Сімпатычнае чарніла гл. чарніла.

[Ад грэч. sympathēs — успрымальны, адчувальны.]