Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сімулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак., што і без дап.

1. Прытварыцца (прытварацца) хворым. Расказаў сам Сербаноўскі: — Вам, гэта павінна быць цікава, Кірыла Васільевіч. Знішчыўшы дакументы на Дымара, .. [здраднік] сімуляваў прыступ эпілепсіі. Упаў на вуліцы ўвечары. Шамякін.

2. Стварыць (ствараць) ілжывае ўяўленне аб чым‑н. Андрэй пайшоў з райкома з нейкім цяжкім асадкам у душы: .. падтрымаў сімулянта, чалавека, які хаваў хлеб ад дзяржавы і сімуляваў голад. Лобан.

[Ад лац. simulare.]

сімуля́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Чалавек, які сімулюе што‑н., прытвараецца. [Максім:] — Доктар гаворыць, што мы сімулянты і нам пара за працу брацца. Не трэба дарэмна прычыняць іншым клопаты. Машара.

[Ад лац. simulans, simulantis.]

сімуля́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да сімулянт.

сімуля́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сімулянта, сімулянткі, уласцівы ім. Сімулянцкія, паводзіны.

сімуля́цыя, ‑і, ж.

1. Прытворства. Сімуляцыя хваробы.

2. Стварэнне лжывага ўяўлення аб чым‑н. [Ігнат Іванавіч:] — Наколькі я зразумеў цябе, у працэсе расследавання намячалася яшчэ адна версія. — сімуляцыя Бандарчуком абрабавання. Капусцін.

[Ад лац. simulatio — прытворства.]

сімфанізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Перакласці (перакладаць) для сімфанічнага аркестра; распрацаваць (распрацоўваць) у стылі сімфанічных твораў. Сімфанізаваць фартэпіянны твор.

сімфаніза́цыя, ‑і, ж.

Перакладанне для сімфанічнага аркестра; распрацоўка ў стылі сімфанічных твораў. Сімфанізацыя танца. Сімфанізацыя джазавай музыкі.

сімфані́зм, ‑у, м.

Сімфанічнае мастацтва, сімфанічны стыль. Сімфанізм Глінкі. □ Сімфанізм — адно з найважнейшых дасягненняў чалавечага генія ў музыцы. Дубкова.

сімфані́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Кампазітар, які стварае сімфанічныя творы.

сімфані́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сімфоніі (у 1 знач.); звязаны з музычнай формай сімфоніі. Сімфанічная творчасць. Сімфанічная распрацоўка тэмы.

2. Прызначаны для выканання ансамблем смычковых, духавых і ўдарных інструментаў. У канцэртных залах гучаць сімфанічныя, харавыя, камерна-інструментальныя творы рускіх, зарубежных і савецкіх кампазітараў. «Звязда». // Звязаны з такім выкананнем. Сімфанічны канцэрт.