дамастро́й, ‑я, м. (з вялікай літары).
Помнік рускай пісьменнасці 16 ст., у якім змяшчаецца звод жыццёвых правіл і павучанняў (пазней стаў агульным абазначэннем кансерватыўнага сямейна-бытавога ўкладу жыцця).
дамата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Дакончыць намотванне, абмотванне чаго‑н. Даматаць ніткі ў клубок.
даматка́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Пра што‑н. даматканае. Коўдра-даматканка. Спадніца-даматканка.
даматка́ны, ‑ая, ‑ае.
Вытканы хатнім, саматужным спосабам (пра матэрыю, тканіну). Даматканае палатно. Даматканае сукно. // Зроблены, пашыты з такой тканіны. Даматканы настольнік. Даматканая світка. □ У куце, між акон, — стол, засланы палатняным, даматканым абрусам. Сачанка.
дамаўё, ‑я, н.
Абл. Дамавіна. У дамаўі Іванька ляжаў, склаўшы на грудзях высахлыя ручкі, вастраносенькі, белабрысы. Ставер.
дамаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да дамовіцца.
дама́цацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., чаго.
Разм. Мацаючы, знайсці патрэбнае, намацаць. Ніяк не дамацацца пульсу.
дамача́дцы, ‑аў; адз. дамачадзец, ‑дца, м.
Уст. Члены сям’і, а таксама людзі, якія жывуць у доме на правах членаў сям’і. Ніхто не ведае, колькі я нацярпеўся ад сваіх дамачадцаў праз тое, што легкадумна, як яны лічылі, ставіўся да свайго здароўя. Ляўданскі.
дамачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., што.
Даць магчымасць вымакнуць да канца, да патрэбнай ступені. Дамачыць лён. Дамачыць лыка.
дама́шні, ‑яя, ‑яе.
1. Прызначаны для задавальнення бытавых патрэб у доме. Дамашні тэлефон. Дамашнія туфлі. □ Убачыўшы паважную жанчыну ў багатым дамашнім халаце, чалавек у цывільнай вопратцы памякчэў, зняў капялюш. Машара. // Звязаны з доглядам дома, сям’і і пад. Справіць дамашнюю работу.
2. Зроблены, прыгатаваны дома, у сваёй гаспадарцы; не куплены. Дамашні хлеб. □ Злева перад сцэнаю, якая была збіта з новых смалістых дошак і завешана заслонаю з дамашніх тканін, сядзелі музыкі. Гартны. // Прызначаны для выканання дома. Дамашняе заданне.
3. Сямейны, прыватны. Дамашні настаўнік. Дамашняе выхаванне. Дамашнія абставіны. □ Дзядзька Марцін паехаў араць, а Лабановіч некаторы час сядзеў і слухаў навіны дамашняга жыцця. Колас.
4. у знач. наз. дама́шнія, ‑іх. Члены сям’і; асобы, якія жывуць з кім‑н. разам. Надышла цішыня: дамашнія вячэралі. Мележ.
5. Свойскі, не дзікі (пра жывёл, птушак). Валяліся пярыны, падушкі, самакаты, труны розных дамашніх жывёл. Шамякін.
•••
Дамашні арышт гл. арышт.