Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

самападма́н, ‑у, м.

Унушэнне сабе таго, што не адпавядае сапраўднасці; падман самога сябе. Самападман і звязаная, з ім пэўная пераацэнка сваёй уласнай асобы, вагі свайго «я» — вось чым смешны для нас Пытляваны. Усікаў.

самападрыхто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Тое, што і самападгатоўка. Вялікая працавітасць, назіральнасць, творчая фантазія былі вынікам яго [К. Быліча] ўпартай вучобы, яго самападрыхтоўкі да кожнай ролі. «Маладосць».

самапазна́нне, ‑я, н.

Пазнанне чалавекам, класам, грамадствам самога сябе, сваёй унутранай, гістарычнай сутнасці. Самапазнанне рабочага класа неразрыўна звязалі з поўнай выразнасцю .. ўяўленняў аб узаемаадносінах усіх класаў сучаснага грамадства. Ленін.

самапаі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Аўтаматычная паілка.

самапа́л, ‑а, м.

Старажытная гладкаствольная агнястрэльная зброя, якая зараджалася з дула. // Разм. Ружжо наогул. Брыду адранкам ля ракі, Збіваючы расу, І самапал на два куркі На выпадак нясу. Броўка. Іду туды, дзе стаяў [Атрох], а ён ляжыш ніцма, носам у снег. І самапал яго воддал: ложа — сабе, а ствол — сабе. Ракітны. // Самаробная дзіцячая стрэльба ў выглядзе кароткага ствала, прымацаванага да ручкі. А на справе ім даводзілася абыходзіцца звычайнымі дзіцячымі самапаламі. Васілевіч. Але тады [у дзяцінстве] мяне больш вабілі не кнігі, а самаробныя самапалы ды буслянкі на стогадовых ясакарах і ліпах у былым панскім садзе. Аўрамчык.

самапа́льнік, ‑а, м.

У старажытнасці — воін, узброены самапалам.

самапа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да самапала. Самапальны кнот.

самапа́с, ‑а і ‑у, м.

Разм.

1. ‑а. Той, хто выйшаў на свой хлеб, жыве самапасам. [Пракоп:] — Убачыш, як твой гэты самапас прыйдзе да цябе, як будзе прасіцца... будзе скарынцы хлеба рад. Баранавых.

2. ‑у. Самастойнае, без нагляду жыццё. [Бацька:] — Так, донька?.. Сама, значыць, ето... на самапас захацела?.. Кандрусевіч. [Дзядзька:] — Я вось падумаў... Ці выжыў бы чалавек, каб яго пусціць на такі самапас? Чыгрынаў.

самапа́сам, прысл.

Разм. Без нагляду; на свабодзе. На.. [лузе] ўсю вясну, лета і восень самапасам пасвяцца гусі. Сачанка. Бацька мала калі бачыў сына, бо дзень і ноч быў заняты работай у сваім міністэрстве. Сын рос самапасам. Шахавец. Фэлькавы дзеці жылі самапасам, без мацярынскага догляду і бацькавай ласкі. С. Александровіч. // Без занятку, сам па сабе. Не жывуць самапасам і меншыя [дзеці]: у таго клопат — трусоў дагледзець, таму трэба бацвіння назбіраць і ў карыце насекчы. Ракітны. // Без дазволу, самавольна. [Алена Собаль:] — Старшыня.. [Геньку] не пускае і грозіць, што не дасць ніякіх дакументаў, калі ён толькі паедзе самапасам. Паслядовіч. // Без кіраўніцтва, як хто ўмее, як можа. У некаторыя ўрачыстыя дні.. складаецца саматужны хор. Ніхто ім не кіруе, спяваюць самапасам, як хто ўмее. Колас.

самапаўтарэ́нне, ‑я, н.

Паўтарэнне чаго‑н. раней самім сказанага, зробленага. Імкненне пазбегнуць самапаўтарэння.