інтраспекты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Заснаваны на інтраспекцыі. Інтраспектыўны метад.
інтраспе́кцыя, ‑і, ж.
Метад вывучэння псіхічнага жыцця чалавека саманазіраннем. Карыстацца інтраспекцыяй.
[Ад лац. introspectare — глядзець усярэдзіну.]
інтрузі́ўны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да інтрузіі; глыбінны. Інтрузіўныя пароды.
інтру́зія, ‑і, ж.
Спец.
1. Працэс нагнятання магмы ў тоўшчу зямной кары. Працэс інтрузіі.
2. Геалагічнае цела, якое ўтварылася ў зямной кары ў выніку застывання магмы.
[Ад лац. intrusus — упхнуты.]
інтры́га, ‑і, ДМ ‑рызе, ж.
1. звычайна мн. (інтры́гі, ‑рыг). Скрытыя непрыстойныя дзеянні з мэтай нашкодзіць каму‑, чаму‑н.; нагаворы, падкопы. Інтрыгі міжнароднай рэакцыі. □ Не менш бязлітасна зрабіла, эксплуатавала сялян і гарадскі люд духавенства, пускаючы ў ход побач з грубым насіллем усякага роду падман, подкуп, шпіянаж, інтрыгі. Алексютовіч.
2. Сюжэтная лінія ў мастацкім творы, для якой характэрны асаблівы драматызм і напружанасць дзеяння. У бытавой драме і камедыі Галубок здзіўляў жывасцю дзеяння, дынамічнасцю і майстэрствам інтрыгі. Гіст. бел. сав. літ.
3. Нядоўгая любоўная сувязь. Любоўная інтрыга.
[Фр. intrigue.]
інтрыгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.
1. Весці інтрыгі (у 1 знач.). Інтрыгаваць супраць.. [Ланскага] таксама было марна. Інтрыгаваць можна супраць асобы, а ён даўно ўжо не быў ні асоба, ні дзяржаўны муж. Караткевіч.
2. каго-што. Узбуджаць цікавасць таямнічасцю, незвычайнасцю, загадкавасцю. [Гунаву] інтрыгавала і непакоіла паперка ў планшэце, асабліва надпіс, які толькі што зрабіў начальнік. Самуйлёнак. Словы ж аб важных справах, ды, відаць, справах, звязаных з партызанскім злучэннем, насцярожвалі .. [Сыкуна], нават інтрыгавалі. Лынькоў.
інтрыга́н, ‑а, м.
Той, хто робіць інтрыгі (у 1 знач.); нагаворшчык. Палітычны інтрыган. □ Даволі адкрыць, што побач з табой не даносчык, не інтрыган, — і як мяняецца настрой. Шамякін.
[Фр. intrigant.]
інтрыга́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да інтрыган.
інтрыга́нскі, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы інтрыгану, інтрыганцы. Інтрыганскія ўчынкі.
інтрыга́нства, ‑а, н.
Паводзіны і ўчынкі інтрыгана, інтрыганкі.