дамалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.
Закончыць маляванне чаго‑н. Дамаляваць партрэт. // перан. Закончыць апісанне, абмалёўку чаго‑н. □ — Мне здаецца, трэба дапісаць, дамаляваць тое месца, дзе.. герой падымаецца на гераічны ўчынак. Мележ. // перан. У думках дапоўніць, аднавіць што‑н. Паэт, няхай сабе абагулена, стварыў выразны сацыяльны тып, і наша ўяўленне дамалюе рысы, якіх бракуе ў індывідуальным абліччы героя. Навуменка.
даманапалісты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які папярэднічаў манапалістычнаму капіталізму.
дамарксі́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца да часу, што папярэднічаў з’яўленню марксізма. Дамарксісцкая філасофія.
дамаро́слы, ‑ая, ‑ае.
1. Вырашчаны дома, у сваёй гаспадарцы; сваёй гадоўлі. Сядзіць дзед на палку каля калыскі, дамарослы тытун[ь] пакурвае з люлечкі, сваю звычайную песню спявае. Колас.
2. перан. Які навучыўся чаму‑н. саматугам; не прафесіянальны. Паліцыянтам, скваплівым на гарэлку, спецыяльна падсунулі гэтую торбу з гарэлкай, запраўленай сонным парашком. Хітра зроблена, нічога не скажаш. Гэта рабіў не нейкі дамарослы падпольшчык, а чалавек з галавой. Машара. // Невысокай вартасці, якасці; просты, прымітыўны. Праўда, гумар яго дамарослы, і Красак часам не узвышаецца да іроніі над сваімі уласнымі, падчас смешнымі, слабасцямі. «Беларусь».
дамаро́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і дамарослы. Дамарошчаны майстар. Дамарошчаны стратэг.
дамасе́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Пра таго, хто мала бывае на людзях і праводзіць свой вольны час дома. З суседзямі асаблівай дружбы не было, пісьменнік стаў дамаседам, чытаў і пісаў у сваёй каморцы. С. Александровіч.
дамасе́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Жан. да дамасед.
дамасе́дства, ‑а, н.
Схільнасць, прывычка праводзіць свой вольны час дома.
дама́скі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да Дамаска.
2. Зроблены з дамаскай сталі. Дамаскі кінжал.
•••
Дамаская сталь гл. сталь.
дамастро́еўскі, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Адпаведны жыццёвым правілам Дамастроя; косны, адсталы. Дамастроеўскія парадкі.