Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

самаабслуго́ўванне, ‑я, н.

Абслугоўванне сябе сваімі ўласнымі сіламі. Сістэма самаабслугоўвання.

самаабуча́льны, ‑ая, ‑ае.

У выразах: самаабучальнае ўстройства, самаабучальная машына, самаабучальная сістэма — устройства (машына, сістэма), у якіх алгарытм удасканальваецца аўтаматычна, па меры набывання вопыту ў самім устройстве (машыне, сістэме).

самаабучэ́нне, ‑я, н.

1. Набыццё ведаў або якіх‑н. навыкаў шляхам самастойных заняткаў без настаўніка, па-за школай.

2. Спец. Аўтаматычнае змяненне спосабу функцыяніравання сістэмы. Самаабучэнне ЭВМ.

самаадво́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Матываванае адхіленне сваёй кандыдатуры ад вылучэння на якую‑н. выбарную пасаду. Калі на сходзе назвалі яго [Барашкіна] прозвішча для ўнясення ў спісы для тайнага галасавання, ён спачатку разгубіўся, паспрабаваў даць самаадвод. Савіцкі.

самаадво́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць самаадвольнага. Самаадвольнасць руху.

самаадво́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўзнікае, адбываецца сам сабой, сілаю ўнутраных прычын, незалежна ад уздзеяння звонку. Самаадвольны рух малекул.

2. Які адбываецца па ўласнай волі, без прынукі.

•••

Самаадвольнае зараджэнне — тое, што і самазараджэнне.

самаадда́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць самаадданага. [Андрэй:] — Няма такой узнагароды, якая магла б быць годнай вашай адвагі і самаадданасці. Самуйлёнак. Жыццё паказвае, што толькі тым [паэтам], якія ўсім сэрцам любілі літаратуру, да самаадданасці, да самазабыцця, удалося пазнаць радасць прызнання і заняць сваё месца сярод вялікай кагорты літаратараў. Хведаровіч.

самаадда́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ахвяруе сабой, асабістымі інтарэсамі для дабра і шчасця другіх, для агульнай справы. Самаадданы вучоны. Самаадданы рэвалюцыянер.

2. Поўны самаахвяравання (пра дзеянні, учынкі). Самаадданае служэнне народу. □ Мы любім Каліноўскага за самаадданую барацьбу супроць памешчыкаў і самадзяржаўя. Лушчыцкі. Партызанскую дзейнасць.. [Маеўскі] не ўяўляў без упартай, напружанай, самаадданай працы. Шамякін.

самаадда́ча, ‑ы, ж.

Поўная аддача ўсіх сіл, здольнасцей, ведаў якой‑н. справе. Працаваць з поўнай самааддачай. □ Гэтая сцэна [са спектакля «Жывы труп»] можа служыць узорам акцёрскай натхнёнасці і самааддачы. Сабалеўскі.

самаадкрыццё, ‑я, н.

Адкрыццё чаго‑н. для сябе самога. Сама па сабе метафара не новая, але якая натуральнасць інтанацыі, якая шчырасць лірычнага самаадкрыцця! Макаль.