са́ма, часціца.
1. Ужываецца ў спалучэнні з якаснымі прыслоўямі для абазначэння найвышэйшай ступені. Як ні разважала [Хадоська], усё выходзіла: сама лепш, пэўна, тут, у Юравічах, астацца. Мележ. [Засуліч:] — Я зараз кончу сваю ролю. Ну, можа, якіх сама больш дзесяць хвілін. Зарэцкі. [Сусед] заўсёды, чытаў нешта такое старое-старое: кніга, што ляжала перад ім, сама меней мела гадоў сто. Дамашэвіч.
2. У спалучэнні з дзеясловамі выражае самы пачатак чаго‑н., якога‑н. дзеяння. Прыцемак сама што пачынаў ахінаць горад. Васілёнак. Цяпер.. [зайцы] маладыя, сама пачынаюць гарцаваць надвячоркамі. Кулакоўскі. // У канструкцыях, якія паказваюць, што толькі пачатае дзеянне сутыкнулася з сустрэчным. Сама што я заснуў, а мяне пабудзілі. □ Але сама што.. [Магдалена] намерылася стаць пры печы за гаспадыню, як адчыніліся з сянец дзверы. Чорны.
3. У канструкцыях са значэннем: у самую пару, у самы раз, у гэты час, якраз цяпер. Над полем узлятае чародка шпакоў. Яны цяпер сама жыруюць. Навуменка. Цёплая майская ноч п’яніла галовы духмяным пахам квецені — сама што цвілі сады. С. Александровіч.
сама...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) накіраванасць дзеяння (названага ў другой частцы) на самога сябе, напрыклад: самаадукацыя, самааналіз, самакантроль; 2) здзяйсненне, працяканне дзеяння; а) само сабой, адвольна, без пабочнай дапамогі, напрыклад: самазагаранне, самаразбурэнне, самазараджэнне; б) аўтаматычна або механічна, напрыклад: самадзелка, самазарадны.
самаабагачэ́нне, ‑я, н.
Абагачэнне самога сябе, саміх сябе; уласнае абагачэнне.
самаабаграва́нне, ‑я, н.
Абаграванне самога сябе, саміх сябе ўнутраным цяплом.
самаабажа́нне, ‑я, н.
Абажанне самога сябе; захапленне самім сабою, сваёю асобай.
самаабаро́на, ‑ы, ж.
1. Абарона ўласнымі сіламі; абарона самога сябе ад небяспекі. Вялічка быў моцны чалавек і валодаў тэхнікай самаабароны. Машара.
2. Абарона краіны сіламі і сродкамі самога насельніцтва разам з абаронай сіламі дзяржавы. У першыя дні вайны ў Прылуках дзейнічалі атрады самаабароны на чале з сакратаром райкома партыі Сафроненкам. Жычка.
самаабвінава́чанне, ‑я, н.
Абвінавачанне, якое прад’яўляецца самому сабе.
самаабвінава́чванне, ‑я, н.
Тое, што і самаабвінавачанне.
самаабклада́нне, ‑я, н.
Дабравольны збор сродкаў на мясцовыя грамадскія патрэбы, вызначаны самім насельніцтвам, калектывам.
самаабмежава́нне, ‑я, н.
Добраахвотнае абмежаванне сваіх патрэб, інтарэсаў і пад.