рэўматалагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэўматалогіі.
рэўматало́гія, ‑і, ж.
Раздзел медыцыны, які вывучае рэўматызм і метады яго лячэння.
рэўмато́лаг, ‑а, м.
Урач — спецыяліст па рэўматалогіі.
рэўматы́зм, ‑у, м.
Хвароба сардэчна-сасудзістай сістэмы, суставаў з вострым болем і ламотай.
[Грэч. rheuma.]
рэўма́тык, ‑а, м.
Разм. Хворы на рэўматызм.
рэўматы́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэўматызму, звязаны з рэўматызмам. Рэўматычны прыступ. Рэўматычны боль. □ Даніла Платонавіч сядзеў пад разгалістай грушай у старым крэсле, накрыўшы свае хворыя рэўматычныя ногі цёплай коўдрай, і драмаў. Шамякін.
рэ́ўнасць, ‑і, ж.
Пачуццё пакутлівага сумнення ў чыёй‑н. вернасці, падазрэнне ў каханні да каго‑н. другога. Так, была маладосць, вясёлая, шчаслівая, была радасць першага і адзінага кахання, боль разлукі, расчараванне, рэўнасць, пакуты. Шамякін. Увага Веры да няшчаснага Падацюка абудзіла ў Кузьмы самае неспакойнае пачуццё — рэўнасць. Дуброўскі. Аксіння не выцерпела і сказала .. [Азаркевічу] ўсю праўду пра хлопца, што ён ёй не падабаецца, але яна, каб выклікаць у Азаркевіча рэўнасць, з ім гуляла. Гурскі.
рэфа́кцыя, ‑і, ж.
Спец. Скідка з цаны тавару, абумоўленая гандлёвай здзелкай, у сувязі з уцечкай і псаваннем тавару або пры пастаўцы яго ніжэй прадугледжанай якасці.
[Фр. réfraction.]
рэфармава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэфармаваць.