Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трырэ́ма, ‑ы, ж.

Старажытнарымскі ваенны карабель з трыма ярусамі вёслаў.

[Лац. triremis.]

тры́сель, ‑я, м.

Косы трохвугольны або чатырохвугольны парус, які ставіцца ззаду мачты.

[Англ. trysail.]

трыснёг, ‑нягу, м.

Вадзяная ці балотная шматгадовая расліна сямейства злакаў з раскідзістай мяцёлкай і каленчатым пустацелым або губчатым сцяблом.

•••

Цукровы трыснёг — трапічная ці субтрапічная расліна сямейства злакаў, з соку якой здабываецца цукар.

трысняго́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трыснягу. Трысняговыя зараснікі. // Які зарос трыснягом. Трысняговае балота, // Зроблены з трыснягу, здабыты з трыснягу. Трысняговы кошык. Трысняговы цукар.

2. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Трысняговы верабей. Трысняговая асака.

тры́ста, трохсот, тромстам, трымастамі, (аб) трохстах, ліч. кольк.

Лік і лічба 300. Трыста дзеліцца на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 300. Трыста чалавек. □ — Трыста вёрст прайсці? За суткі? — Проста здзіўлен быў салдат. Прыходзька.

трысце́н, ‑а, і трысце́нь, ‑я, м.

Прыбудова да хаты і пад. з трох сцен. На пясчаным узгорку, над самым краем балотца, што зарасло нізкім хвойнікам і алешнікам, стаіць непакрыты хлеў — трысцен: чацвёртая сцяна з жэрдак. Галавач. І сапраўды, крокаў праз якіх сотні паўтары мы выйшлі на палянку, на якой, нібы тулячыся да лесу, стаяў велікаваты, з трысценам, драўляны дом. Сабаленка. Збудаваў .. [Рыгор] на Наносах хаціну, падобную на лазню, прыстроіў з боку яе трысцен для каровы і пасадзіў сям’ю ў сваю хату. Чарнышэвіч. Гаспадар, прыбіраючы з акон гэблі, [долаты] і іншыя інструменты, апавядаў папу, як ён цэлы год быў заняты будоўляй трысценя і новага хл[я]ва. Бядуля.

трысцё, ‑я, н., зб.

Трыснёг. Высокія сцябліны трысця здаюцца паўтыканымі проста ў туман, і шорсткія лісты іх, дакранаючыся адзін да аднаго, парыпваюць, як бляшаныя. Лужанін. Над поймай ціхай, дзе трысцё ў лазе, Стаіць бусліха на адной назе. Пысін. Каля самай вёскі невялічкая рачулка ласкава шапоча ў трысці. Пянкрат.

трысці́на, ‑ы, ж.

Сцябло трыснягу. Вырваць трысціну. □ [Маці] ішла ўсё той жа размеранай сялянскай хадой, прамая, як трысціна. Караткевіч.

трысці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Сцяблінка трыснягу. Я ўспомніў, што татары ў часы паходаў перабіраліся цераз глыбокія рэчкі па дне з трысцінкай у зубах. Карпюк.

2. Тонкая палачка для апоры пры хадзьбе. У лагер палонных .. [Вейс] прыйшоў сам. Важны, святочна апрануты, надушаны адэкалонам і з трысцінкай у руцэ. Ракітны.

3. Тонкая пласцінка ў бёрдзе.

трысця́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства злакаў, якая нагадвае трыснёг і расце на балотах і берагах вадаёмаў.