рэдакцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэдакцыі, рэдагавання. Рэдакцыйны работнік. Рэдакцыйная праўка.
рэда́кцыя, ‑і, ж.
1. Праўка, рэдагаванне тэксту. Рэдакцыя артыкула.
2. Пэўная фармулёўка або тэкст, якія чым‑н. адрозніваюцца ад падобных фармулёвак або тэкстаў. Пункт пратакола ў новай рэдакцыі. Другая рэдакцыя рамана. □ Многія раннія вершы Таўлая маюць па некалькі зусім розных рэдакцый. Арочка. Калі новая рэдакцыя — гэта этап у літаратурнай гісторыі тэксту пэўнага твора, то новы помнік — гэта пэўны этап у гісторыі цэлага жанру. Чамярыцкі.
3. Кіраўніцтва выданнем (кнігі, часопіса і пад.). Кніга пад рэдакцыяй прафесара.
4. Калектыў рэдактараў, работнікаў, якія кіруюць перыядычным органам друку. Пазней, па заданню рэдакцыі, мне давялося самому зайсці ў той домік пад соснамі. Брыль. — Я прыехаў здалёк, ад рэдакцыі, і хачу паглядзець, як людзі жывуць. Галавач. // Група работнікаў, якія займаюцца апрацоўкай і падрыхтоўкай тэксту рукапісу да выдання.
5. Памяшканне, дзе працуюць рэдакцыйныя работнікі. Пазваніць у рэдакцыю. Зайсці ў рэдакцыю. □ Я ўспомніў, што мне яшчэ трэба пабываць у рэдакцыі раённай газеты, і паехаў у горад. Кулакоўскі.
рэ́дзіва, ‑а, н.
Абл. Што‑н. рэдкае. А дзе і цэлы [брызент], дык такое рэдзіва, што праз яго відаць ноччу .. зоры. Лынькоў. Льецца блакітнае рэдзіва — Смуга — На зямлю і на дрэўцы. Калачынскі.
рэ́дзіць, рэджу, рэдзіш, рэдзіць; незак., што.
Абл. Рабіць рэдкім, радзейшым. У залы першага і трэцяга класа ўрываецца свежае паветра, рэдзіць дым, раздзьмухвае полымя. Шынклер.
рэдзь, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і столка. [Чмаруцька:] — Тут добрая дратва патрэбна, ды ў дзве ці тры рэдзі. Лынькоў. Гром страляе, дождж ліе ў тры рэдзі, падаюць маланкі на лясок... Лось.
рэ́дзька, ‑і, ДМ рэдзьцы; ж.
1. Агародная караняплодная расліна сямейства крыжакветных.
2. зб. Караняплоды гэтай расліны з гаркаватым вострым смакам і пахам.
3. Асобны плод гэтай расліны.
•••
Як горкая рэдзька — вельмі, надта (надакучыць, абрыднуць).
рэ́дзькавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэдзькі. Рэдзькавае лісце.
рэдка...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «рэдкі», «рэдка», напрыклад: рэдказубы, рэдканаселены.
рэдказу́бы, ‑ая, ‑ае.
З рэдкімі зубамі. Рэдказубы рот. □ Падышоў калгасны аграном Кардзянкоў, рэдказубы, з аблупленым носам, у жоўтым, як бронза, саламяным капелюшы. Дуброўскі.