Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рэдэмарка́цыя, ‑і, ж.

Спец. Аднаўленне пагранічных знакаў на дзяржаўнай граніцы.

[Фр. redémarcation.]

рэе́стр, ‑а, м.

Пералік, спіс. Ёсель хоць і быў непісьменны, але вёў строгі рэестр імянін і ўсякіх сямейных свят у Панямоні. Колас. // Кніга для запісу спраў і дакументаў. Трэба дакументы сістэматызаваць, парабіць ім рэестры, каб было добра відаць, што адкуль і куды ідзе. Скрыган.

[Ад лац. registrum.]

рэестрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

Уносіць у рэестр, запісваць для ўліку. Пачалі запісваць рабочых, рэестраваць, арганізоўваць. Гарэцкі.

рэе́стравы, ‑ая, ‑ае.

Унесены ў спіс, кнігу; зарэгістраваны. Рэестравае слова.

рэ́ечны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэйкі. // Зроблены з рэек. Рэечны каркас.

рэ́жучы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незак. цяпер. ад рэзаць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Такі, якім можна рэзаць што‑н.; прызначаны для рэзання. Рэжучы інструмент.

3. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які выклікае адчуванне рэзі. Рэжучы боль.

4. Дзеепрысл. незак. ад рэзаць.

рэжы́м, ‑у, м.

1. Дзяржаўны лад. Царска-паліцэйскі рэжым. □ [Чалавек:] — Цяпер, брат, парадак не той будзе, не стары рэжым... Галавач.

2. Дакладна ўстаноўлены распарадак жыцця, працы, адпачынку і пад. Рэжым дня школьніка. Санаторны рэжым. Пасцельны рэжым хворага.

3. Сістэма правіл, неабходных для дасягнення пэўнай мэты. Рэжым эканоміі.

4. Умовы існавання, работы чаго‑н. [Прафесар] намаляваў яркую карціну велізарнага значэння лясоў для клімату, рэжыму рэк. Гавеман.

[Фр. régime.]

рэжы́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэжыму. Рэжымны распарадак дня.

рэжысёр, ‑а, м.

Мастацкі кіраўнік, пастаноўшчык спектакля або кінафільма. Гэты Цімошка быў тут адначасова і арганізатарам, і рэжысёрам, і выканаўцам самых адказных роляў. Краўчанка. На канферэнцыі прысутнічалі супрацоўнікі Міністэрства культуры БССР, рэжысёры, артысты, мастакі. «ЛіМ».

[Фр. régisseur.]

рэжысёрскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэжысёра. Рэжысёрская работа. □ [Рая] засаромелася ад гэтых слоў, але ўбачыла, што іншыя выканаўцы прынялі іх як зусім звычайнае рэжысёрскае тлумачэнне. Шамякін.