Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ружа́нец, ‑нца, м.

У некаторых хрысціян — шнурок з нанізанымі на ім пацеркамі для адлічвання прачытаных малітваў або паклонаў у часе малітвы. Бабулька сядзела на сонечным баку гары і высушанымі, як курыныя лапы, рукамі перабірала чорныя гарошыны ружанца. Карпюк.

•••

Ні да танца, ні да ружанца гл. танец.

ружжо́, ‑а, н.

Ручная агнястрэльная зброя з доўгім ненаразным (у адрозненне ад вінтоўкі) ствалом. На ахову палатна паставілі вартавога — Алеся Голуба, узброенага паляўнічым ружжом. Васілевіч.

•••

Пад ружжом — а) на ваенным становішчы, у стане баявой гатоўнасці (пра армію); б) у арміі (служыць).

Паставіць пад ружжо гл. паставіць.

У ружжо! — а) каманда стаць у строй са зброяй; б) каманда быць гатовым прыняць або пачаць бой.

ружо́васць, ‑і, ж.

Ружовы колер. Шуст спяшаўся, бо на ўсходзе ўжо разлівала ружовасць ранішняя зара. Шчарбатаў.

ружоватва́ры, ‑ая, ‑ае.

З ружовым тварам.

ружовашчо́кі, ‑ая, ‑ае.

З ружовымі шчокамі. Паўлік выпрастаўся. Перад ім стаяў тоўсты ружовашчокі хлапчук у белай панаме. Бяганская.

ружо́віцца, ружоўлюся, ружовішся, ружовіцца; незак.

Тое, што і ружавець. Чорныя валасы вылазілі ў яе з-пад бялюткай хусткі, твар ружовіўся. Чорны. Ужо раніцамі неба ружовілася бляскам вясковага сонца. Сабаленка.

ружо́віць, ‑віць; незак., што.

Афарбоўваць у ружовы колер, рабіць ружовым. Марознае ранне звініць па вуглах, Ружовіць на сіверы шчокі. Кляшторны. Халоднае зімовае сонца ружовіла ўсход, калі Агата з Ліпачкай прыйшлі пад глухую астрожную сцяну. Сабаленка.

ружо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які атрымліваецца ад змешвання чырвонай фарбы з белай (пра колер); светла-чырвоны. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. На рагу стала ляжаў нейчы капшук, ружовы з нейкімі вышытымі кветкамі. Лынькоў. Сонца схавалася, і толькі ружовая палоска на небасхіле нагадвала пра скончаны дзень. Кавалёў.

2. З румяным, здаровым колерам твару (пра чалавека). Ружовы, тугі, як мяч, хлапчук барабаніў ножкамі па начоўках — толькі пырскі ляцелі ва ўсе бакі. Васілевіч. Хто там можа давесці, што .. [дзяўчынка] ўжо ела, што пара было б падкурчыць пад пухлую, ружовую шчочку кулачок і спаць. Брыль.

3. перан. Нічым не азмрочаны, радасны, светлы. І палкоўнік аддаўся самым ружовым марам аб недалёкім будучым. Лынькоў. З Петрусём усё ехала: радасць, шчасце, ружовыя надзеі. Нікановіч.

•••

Глядзець праз ружовыя акуляры на каго-што гл. глядзець.

У ружовым святле гл. святло.

ружо́ўнік, ‑а, м.

Гадавальнік, дзе вырошчваюцца ружы, а таксама кветнік руж.

ружэ́йнік, ‑а, м.

Гіст. Воін, узброены ружжом.