Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

руда́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Разм. Балотная рыжая вада. Дзе-нідзе паміж травы рдзелася мутна-меднага колеру балотная рудаўка, якая пазірала ўверх, нібы аграмаднае мёртвае вока. Бядуля. Не ты, а я ў балоце Ляжаў асенняй золлю, У ледзяной рудаўцы, Скалелы да касцей. Гілевіч.

рудаўпраўле́нне, ‑я, н.

Орган кіравання рудніком або некалькімі руднікамі.

рудзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Рабіцца рудым, рудзейшым. У Беларусі больш за месяц нясцерпна паліла сонца; вялі кветкі, рудзелі ў парках на ліпах лісты. М. Стральцоў. У полі, каля тэлеграфных слупоў, з кожным днём усё больш і больш рудзела трава. Кулакоўскі.

2. Вылучацца сваім рудым колерам, віднецца (аб чым‑н. рудым). На пагорку ледзь рудзее пакручастая дарожка, як баразёнка, узораная плыўкімі палазамі. Колас. Палі прыцерушыў лёгкі сняжок, толькі рудзеюць сцежка, пратаптаная клетачкамі лапцей, ды каляіны. Грахоўскі.

рудзя́к, ‑у, м.

Жалезістае камяністае ўтварэнне, якое сустракаецца ў дзярнова-падзолістых, лесастэпавых і забалочаных глебах.

рудзяне́ц, ‑нца, м.

Травяністая лекавая расліна сямейства складанакветных з бледнажоўтымі кветкамі; бародаўнік.

рудні́к, ‑а, м.

Сістэма збудаванняў для здабычы карысных выкапняў, а таксама горнапрамысловае прадпрыемства, якое ажыццяўляе гэтую здабычу. Залатыя руднікі. Медныя руднікі.

рудніко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рудніка, звязаны з рудніком, з работай на рудніках. Рудніковыя рабочыя. Рудніковы газ. Рудніковы транспарт.

ру́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да руды. Рудныя багацці. // Які мае ў сабе руду. Рудныя выкапні.

ру́дня, ‑і, ж.

Уст. Прамысловае прадпрыемства, дзе здабывалі або плавілі руду.

рудсто́йка, ‑і, ДМ ‑йцы, зб., ж.

Разм. Крапёжныя драўляныя матэрыялы; крапёжны лес. [Бедыкоўскі:] — Данбасу рудстойка патрэбна? Патрэбна. А дзе яе ўзяць? З вольхі рудстойкі не зробіш. Мяжэвіч.