рукапа́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ажыццяўляецца без зброі ці халоднай зброяй (пра бой, сутычку). Бабка Антосіха стаяла з качаргою ля парога, нібы грэнадзёр, рыхтуючыся да рукапашнай схваткі. Нядзведскі. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі з іх уцалелі. Гурскі.
2. у знач. наз. рукапа́шная, ‑ай, ж. Бой, сутычка без прымянення зброі або з прымяненнем халоднай зброі. Завязалася рукапашная што называецца — не на жыццё, а на смерць. Брыль. [Саламацін:] У іх тут рукапашная была. [Падымае штык]. Штыком арудаваў немчура. Крапіва. Жывыя мерцвякі .. ішлі ў рукапашную, глушылі прыкладамі адкормленых граміл з адборных штурмавых батальёнаў. «Звязда».
ру́капіс, ‑у, м.
1. Тэкст напісаны ад рукі, а таксама аддрукаваны на пішучай машынцы. Закружыў вецер, падхапіў лісты рукапісу, хлопчык падбег і сабраў лісты, спісаныя дробным уборыстым косым почыркам. Гурскі. // Арыгінал, тэкст, з якога робяць набор. [Чарнавус:] Кніжку маю не пусцілі ў друк. [Вера:] А прычыны? [Чарнавус:] Адно мне выразна сказаў дырэктар выдавецтва: «Забярыце рукапіс, ён нам не патрэбен». Крапіва.
2. Рукапісны помнік старажытнай пісьменнасці. Балгарскія рукапісы 12–13 стст. Вывучэнне старажытных рукапісаў. □ Да гэтага часу не знойдзена ні аднаго глагалічнага помніка, спісанага з кірылаўскага рукапісу. «Беларусь».
рукапі́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да рукапісу (у 2 знач.); прызначаны для захоўвання рукапісаў. Рукапісны аддзел бібліятэкі.
2. Напісаны ад рукі. Рукапісны тэкст. □ На ўчастках выпускаліся рукапісныя «маланкі», у якіх расказвалася пра работу перадавых брыгад, перадаваўся вопыт лепшых рабочых. Краўчанка.
рукапрыкла́дства, ‑а, н.
Разм. Нанясенне пабояў рукамі.
рука́сты, ‑ая, ‑ае.
1. З вялікімі, доўгімі рукамі. Лёнік Бокуць — здаровы рукасты дзяцюк з ленаватымі соннымі вачыма. Быкаў. Вось стаіць .. [Віталь Шчупак] на міжпуцці — высокі, рукасты, са славутым сваім чубам над ілбом і пільна глядзіць уперад. Васілёнак.
2. Які любіць красці.
рука́ты, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і рукасты. Спрабавалі .. двое самых рукатых альшанцаў абняць [дуб] — не абнялі. Місько.
рука́ў, ‑кава, м.
1. Частка адзення, якая пакрывае руку ці частку рукі. Ціха падпоўз Міколка да машыніста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Лынькоў. [Тамаш] схаваў пальцы рук у рукавы і зарагатаў. Чорны.
2. Адгалінаванне, якое адыходзіць ад галоўнага вусця ракі. З рукава рэчкі, падхопленая струменем, плыла некім сарваная галоўка лілеі. Арочка. Яшчэ дзесятак метраў быстрыні і рукавы рэчкі, вырваўшыся з-за вострава на шырыню, злучыліся. Брыль.
3. Труба ці кішка для адводу вадкасцей, газаў, сыпучых целаў. Пажарны рукаў. □ Па рукаве з каменных жорнаў Плыла бялей за снег мука. Астрэйка.
•••
Закасаўшы рукавы гл. закасаўшы.
Рукавом закусіць гл. закусіць.
Смяяцца ў рукаў гл. смяяцца.
Спусціўшы рукавы гл. спусціўшы.
рука́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рукава (у 1 знач.). Рукаўныя запінкі.
рука́ўчык, ‑а, м.
1. Памянш.-ласк. да рукаў (у 1, 2 знач.).
2. Тое, што і манжэта (у 1 знач.).
рука́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Абл. Вітацца, паціскаючы адзін аднаму руку. — Я вас заўважыў яшчэ пры месяцы — стрымліваючы смяшок, хмыкнуў носам Коўбец і пачаў рукацца. М. Ткачоў.