дамаво́дства, ‑а, н.
Вядзенне дамашняй гаспадаркі. Займацца дамаводствам. // Адзін з прадметаў працоўнага выхавання вучняў у школе. — Мы вучыліся на ўроку дамаводства падаваць на стол, — папраўляючы фартушок, сказала дзяўчынка. Даніленка.
дамавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да дома (у 1 знач.). Дамавое кіраўніцтва. Дамавы камітэт.
•••
Дамавая кніга гл. кніга.
дамага́нне, ‑я, н.
Настойлівае імкненне дабіцца чаго‑н., атрымаць што‑н. Жазеф — паэт, летуценнік, весялун і вельмі ўпарты ў сваіх дамаганнях юнак. Шамякін.
дамага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да дамагчыся.
дамагчы́ся, ‑магуся, ‑можашся, ‑можацца; пр. дамогся, ‑маглася, ‑лося; заг. дамажыся; зак., чаго і з дадан. сказам.
Шляхам настойлівых намаганняў дабіцца пастаўленай мэты, здзяйснення чаго‑н. Дамагчыся свайго. □ Адзінае, чаго дамогся Салаўёў, — гэта дазволу звярнуцца са сваёй просьбай да брыгаднага камандавання. Шахавец. Кіра праз камітэт камсамола дамаглася, каб.. у цэху працаваў кніжны кіёск. Карпаў.
дама́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., што.
1. Дакончыць мазанне чаго‑н.; абмазаць, намазаць да якога‑н. месца.
2. Расходаваць на мазанне ўвесь матэрыял. Дамазаць усю гліну.
дама́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дамазаць.
дамайстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Скончыць майстраваць, рабіць што‑н. Дамайстраваць цацку.
дамака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дамокнуць.
дамалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., што.
Закончыць малацьбу чаго‑н. Дамалаціць грэчку. Дамалаціць авёс.