шматма́ршавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае многа маршаў 1 (у 4 знач.). Ад брацкіх магіл савецкіх воінаў да Заходняй Дзвіны па схілу высокага берага будзе спускацца прыгожая шматмаршавая лесвіца. «Звязда».
шматмато́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае некалькі матораў, рухавікоў; многаматорны. Шматматорны самалёт.
шматме́сны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вялікую колькасць месц для пасажыраў. Шматмесны аўтобус. Шматмесны самалёт.
шматме́сячны, ‑ая, ‑ае.
Які існуе, адбываецца на працягу многіх месяцаў. Толькі што здабылі вялікую перамогу — прарвалі шматмесячную блакаду. Мележ.
шматмільённы, ‑ая, ‑ае.
Колькасцю, коштам і пад. у шмат мільёнаў. Шматмільённы чытач Савецкага Саюза патрабуе гэтых [новых] кніг ад сваіх пісьменнікаў. Галавач.
шматмо́ўе, ‑я, н.
1. Аднолькава дасканалае валоданне некалькімі мовамі.
2. Наяўнасць некалькіх або многіх моў на дадзенай тэрыторыі.
шматмо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з людзей, што гавораць на розных мовах. Любоў і дружба шчасце росцяць... Жывём шматмоўнаю сям’ёй, Як з братам брат, сястра з сястрой. А. Александровіч. Я і цяпер, бывае, трызню інтэрнатам, Дзе мы сям’ёй шматмоўнаю жылі. І. Калеснік. // Які гучыць на розных мовах. Масква сустрэла беларусаў шматмоўным гоманам. «Полымя». Гучаць тыя песні шматмоўныя Пра вечары падмаскоўныя. Калачынскі.
2. Складзены на некалькіх мовах. Шматмоўны слоўнік. Шматмоўны даведнік.
шматнацыяна́льны, ‑ая, ‑ае.
У склад якога ўваходзяць многія нацыі, народнасці; прадстаўлены многімі нацыямі, народнасцямі. Першая ў свеце шматнацыянальная дзяржава працоўных вырасла ў магутную дзяржаву, якая мае несакрушальны палітычны, эканамічны і абаронны патэнцыял. Машэраў.
шмато́к, ‑тка, м.
1. Абрэзак, абрывак (скуры, тканіны і пад.). Да прыходу Тараса.. [Зося і Маша] нешта кроілі, і на канапе былі раскіданы зялёныя і чырвоныя, адмыслова выкраеныя шматкі. Шамякін. Ляжаў.. [Заранік] у невялікім пакойчыку на ложку, распрануты і накрыты коўдрай, пашытай з рознакаляровых шматкоў. Хадкевіч. // толькі мн. (шматкі́, ‑оў). Лахманы; кавалкі, кускі чаго‑н. Замест кажуха з плеч у Зіны звісалі нейкія рваныя шматкі — так яго пасеклі кулямі і асколкамі. Карпюк. Косцік накінуўся з кулакамі на брата, парваў малюнак на шматкі і пачаў таптаць яго нагамі. С. Александровіч.
2. Жмут чаго‑н. Ля лазовага карча ваўкі, напэўна, схапілі соннага зайчыка, бо на снягу былі відаць кропелькі крыві і валяліся шматкі поўсці. Федасеенка.
3. Асобны невялікі кавалак, камяк чаго‑н. Узяў кошык, акраец хлеба і жаўтлявы, мяккаваты шматок сала, вышчарблены братаў складанчык на шнурку. М. Стральцоў. Ля берага ад невялікіх хваль пагойдваліся шматкі наздраватай рудой пены. Гамолка. Па баках узрываюцца міны, уздымаючы клубы пылу і раскідаючы шматкі зямлі. Колас. // Пра невялікую, нязначную частку чаго‑н. Там-сям віднеў травы шматок Сярод пяскоў рудых. Астрэйка. На шэрым полі там-сям шматкі ярка-зялёнай азіміны, у лагчынах — ніцыя, без лістка вербы. Навуменка.
шматпавярхо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае некалькі ці шмат паверхаў. — Вось гэта будыніна! — затрымаўся.. [Саня] каля шматпавярховага дома і, прытрымліваючы за брыль шапку, агледзеў яго некалькі разоў з нізу да верху. Пальчэўскі.