франтаві́к, ‑а, м.
Той, хто знаходзіцца або знаходзіўся ў час вайны на фронце. [Ганна Сцяпанаўна:] — Тут адзін франтавік прыйшоў на пабыўку, бацька Вадзі Тапаркова. Кулакоўскі. Геаграфію вывучалі мы па медалях Франтавікоў, што прыйшлі з вайны. Гаўрусёў.
франтаві́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Жан. да франтавік.
франтавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да фронту (у 2, 3 знач.). Франтавы аэрадром. □ Даўно не бачыўся я з ёю [бярозкай] — З тае юнацкае пары, Калі дарогай франтавою Выходзіў з вёскі на зары. Прыходзька. Не інакш як перад наступленнем Змоўкла франтавая паласа. Аўрамчык. // Звязаны з дзейнасцю фронту (у 3 знач.), франтавікоў, прызначаны для патрэб фронту, франтавікоў. Франтавыя заказы. □ Выступленні камандуючых франтамі зводзіліся да таго, як яны думаюць вырашаць свае франтавыя задачы. «Звязда». // Які абслугоўвае фронт (у 3 знач.); які знаходзіцца на фронце. Франтавы друк. □ З другой паловы ночы загаварыла па-нямецку франтавая радыёстанцыя. Навуменка. Са здымкаў і архіўных і сямейных Сыны далёкіх франтавых палкоў На незнаёмых пажылых ваенных Глядзяць цяпер вачыма хлапчукоў. Чэрня. // Які ўжываецца, прыняты на фронце; уласцівы франтавікам. Сяргей падумаў: «Цікава, які гэты чалавек быў у акопах?» У яго была яшчэ свая, франтавая мерка да ўсяго. Чыгрынаў. // Такі, што ўзнік на фронце (у 3 знач.), прысвечаны фронту, пасланы з фронту. Франтавое прывітанне. □ Навекі слава нашым генералам І пяцікутнай зорцы агнявой, І зброі, што Радзіма вартавала, І непарушнай дружбе франтавой. Панчанка. // Такі, які бывае на фронце (у 3 знач.), які нагадвае фронт. Пойдуць размовы пра франтавыя і партызанскія будні, пра памятныя выпадкі ў жыцці, пра сённяшняе і заўтрашняе. Хадкевіч. У грозным франтавым агні Адны мы зносілі нягоды І разам волю ў тыя дні Мы здабывалі назаўсёды. Тарас.
2. Уст. Страявы. Франтавая выпраўка.
3. Спец. Пярэдні, франтальны. Застыла праменямі на франтавой сцяне цырульні Ёшкі, — сонца яснае, спакойнае. Пестрак.
франта́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць франтальнага (у 2 знач.). Франтальнасць фасада.
франта́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Накіраваны ў бок фронту; лабавы. Франтальны ўдар. Франтальны агонь. // Які ажыццяўляецца па ўсяму фронту (у 2 знач.); агульны. Франтальнае наступленне.
2. Які знаходзіцца ў пярэдняй частцы чаго‑н. Франтальная сцяна. // У выяўленчым мастацтве — звернуты тварам да гледача. Франтальная пастава фігуры. // У архітэктуры — сіметрычна размешчаны (пра фасад).
3. Спец. Размешчаны пярэднім бокам паралельна чаму‑н. Франтальная турбінная камера.
4. У метэаралогіі — звязаны з фронтам (у 6 знач.). Франтальная воблачнасць.
5. перан. Які распаўсюджваецца на ўсіх, адбываецца адначасова; агульны. Франтальная праверка дамашняга задання. □ Асноўны метадычны прынцып на ўроку, як і раней, франтальная работа з класам. Барсток.
франтаўскі́, ‑ая, ‑ое.
Уласцівы франту. Франтаўскі выгляд.
франтаўство́, ‑а, н.
Залішняя ўвага да сваёй знешнасці, моднага адзення і пад.
франто́н, ‑а, м.
Трохвугольная або цыркульная верхняя частка фасада будынка, абмежаваная схіламі даху і карнізам. Сярэдзіна сяла. Стары высокі касцёл даўняй архітэктуры, з франтонам, без ніякіх купалоў. Пестрак. Дом у Салаўя на местачковы манер: абшаляваныя дошкамі сцены, зялёныя аканіцы, франтон з акенцам. Навуменка.
[Фр. fronton.]
франто́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да франтона; які знаходзіцца на франтоне. Франтоннае акно.
франтыспі́с, ‑а, м.
1. У архітэктуры — галоўны фасад будынка.
2. Малюнак, які змяшчаецца перад першай старонкай кнігі або зверху старонкі перад пачаткам тэксту.
[Фр. frontispice.]