франтавы, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да фронту (у 2, 3 знач.). Франтавы аэрадром. ▪ Даўно не бачыўся я з ёю [бярозкай] — З тае юнацкае пары, Калі дарогай франтавою Выходзіў з вёскі на зары. Прыходзька. Не інакш як перад наступленнем Змоўкла франтавая паласа. Аўрамчык. // Звязаны з дзейнасцю фронту (у 3 знач.), франтавікоў, прызначаны для патрэб фронту, франтавікоў. Франтавыя заказы. ▪ Выступленні камандуючых франтамі зводзіліся да таго, як яны думаюць вырашаць свае франтавыя задачы. «Звязда». // Які абслугоўвае фронт (у 3 знач.); які знаходзіцца на фронце. Франтавы друк. ▪ З другой паловы ночы загаварыла па-нямецку франтавая радыёстанцыя. Навуменка. Са здымкаў і архіўных і сямейных Сыны далёкіх франтавых палкоў На незнаёмых пажылых ваенных Глядзяць цяпер вачыма хлапчукоў. Чэрня. // Які ўжываецца, прыняты на фронце; уласцівы франтавікам. Сяргей падумаў: «Цікава, які гэты чалавек быў у акопах?» У яго была яшчэ свая, франтавая мерка да ўсяго. Чыгрынаў. // Такі, што ўзнік на фронце (у 3 знач.), прысвечаны фронту, пасланы з фронту. Франтавое прывітанне. ▪ Навекі слава нашым генералам І пяцікутнай зорцы агнявой, І зброі, што Радзіма вартавала, І непарушнай дружбе франтавой. Панчанка. // Такі, які бывае на фронце (у 3 знач.), які нагадвае фронт. Пойдуць размовы пра франтавыя і партызанскія будні, пра памятныя выпадкі ў жыцці, пра сённяшняе і заўтрашняе. Хадкевіч. У грозным франтавым агні Адны мы зносілі нягоды І разам волю ў тыя дні Мы здабывалі назаўсёды. Тарас.

2. Уст. Страявы. Франтавая выпраўка.

3. Спец. Пярэдні, франтальны. Застыла праменямі на франтавой сцяне цырульні Ёшкі, — сонца яснае, спакойнае. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)