рабаця́шчы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Шчыры ў рабоце; працавіты. Дзядзька наш — пажылы, рабацяшчы, часамі нават вясёлы мужчынка. Брыль.
рабе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца рабым (у 1 знач.).
2. Здавацца рабым ад наяўнасці чаго‑н. рознакаляровага. Бірка .. ажно рабела ад значкоў. Бядуля.
рабізна́, ‑ы, ж.
1. Уласцівасць рабога. Брычка аддалялася. Рабізна сонечных плям скакала па ёй, па конях, па людзях, якіх нельга ўжо было адрозніць адзін ад аднаго. Караткевіч.
2. Лёгкае хваляванне воднай паверхні. Ад лёгкага ветрыку на возеры прабягае дрыготкая рабізна. Броўка.
ра́бін, ‑а, м.
Служыцель культу, духоўны кіраўнік веруючых у яўрэйскай рэлігійнай абшчыне.
[Ад стараж.-яўр. rabbi — настаўнік мой.]
рабі́на, ‑ы, ж.
1. Дрэва сямейства ружакветных, на якім гронкамі растуць аранжава-чырвоныя ягады. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.
2. часцей мн. (рабі́ны, ‑ін). Ягады гэтага дрэва. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі, і над намі спелі рабіны. Чорны.
•••
Чарнаплодная рабіна — куст сямейства ружакветных, які дае плады ў выглядзе вялікіх чорных ягад.
рабі́навы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да рабіны. Рабінавы гай. Рабінавы кій. □ Дадому вярталіся Ганька з цёткай Фядорай ужо на захадзе сонца. Пані Юля і дзеці правялі іх да канца рабінавай алеі. Васілевіч. // Прыгатаваны з рабін, з рабінамі. Рабінавы сок. Рабінавая настойка.
2. Які нагадвае сабой колер ягад рабіны; аранжава-чырвоны. Рабінавы колер.
•••
Рабінавая ноч гл. ноч.
рабі́наўка, ‑і, ДМ ‑наўцы, ж.
Настойка на ягадах рабіны або рабінавая наліўка.
рабінзана́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Літаратурны твор пра чыё‑н. падарожжа з прыгодамі; сюжэт такога твора. Пра палявыя экспедыцыі можна напісаць цэлую рабінзанаду.
2. Пра жыццё ў бязлюдным месцы з прыгодамі, падобнымі на тыя, якія здарыліся з Рабінзонам.
рабінзо́н, ‑а, м.
Пра чалавека, вымушанага жыць у бязлюдным месцы і самому здабываць сабе ўсё неабходнае для жыцця. Палескія рабінзоны. □ Ноччу міма праплывалі параходы, на іх шпацыравалі вясёлыя людзі, а мы ляжалі, чатыры рабінзоны, на сваім бязлюдным востраве і разумелі, што ніякай карысці нам ад гэтых параходаў няма. Радкевіч.
[Ад імя галоўнага героя рамана Д. Дэфо «Рабінзон Круза».]
ра́бінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Маршчынка на воднай паверхні ад лёгкага ветру. Ветру зусім не было, і вада ў возеры стаяла спакойнай, без ніводнай рабінкі. Галавач.
рабі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Памянш. да рабіна; маладая невялічкая рабіна. На маладзенькай рабінцы перад вокнамі чырванела пучкоў тры ягад — першы ўраджай на маладым дрэўцы. Чорны.
2. Адна ягада рабін.
3. Народная назва піжмы. У дробным альшэўніку, дзе стаяла карова, цвіла трава-рабінка. Пташнікаў.