блаславёны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад блаславіць.
2. у знач. прым. Тое, што і благаславенны. О, мне знаёмы гэтыя радасныя і блаславёныя хвіліны шчасця пачынаючага творцы! Ракітны. Хай загінуць сум і гора. Весяліся, не журыся, Блаславёная зямля! Панчанка.
блаславі́ць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; зак.
Тое, што і благаславіць. Ксёндз паклаў ..[Балеславу] рукі на галаву і блаславіў яго. Чорны. Радзіма мяне блаславіла на вернасць І мінскім барам, і крамлёўскай сцяне. Панчанка.
бласлаўле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. бласлаўляць — блаславіць.
2. Тое, што і благаславенне.
бласлаўлёны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад блаславіць.
бласлаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да блаславіць.
бла́стула, ‑ы, ж.
Стадыя развіцця зародка мнагаклетачных жывёльных арганізмаў, якая завяршае працэс драблення яйца.
[Ад грэч. blastē, blastos — расток.]
блат, ‑у, М блаце, м.
Разм. пагард. Знаёмствы, сувязі, якія можна выкарыстаць у асабістых інтарэсах. Блат — зладзеям і жулікам кум, сват і брат. Прымаўка.
блатма́йстар, ‑тра, м.
Разм. пагард. Чалавек, які вельмі ўмела карыстаецца блатам. [Жлукта:] Таварышы, я зусім не хачу, каб пра мяне гаварылі, што я блатмайстар які-небудзь. Крапіва.
блатны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае дачыненне да свету злачынцаў. А калі ехалі [шафёр і лейтэнант] праз суткі назад, усю дарогу [шафёр] расказваў блатныя гісторыі. Мехаў.
2. у знач. наз. блатны́, ‑ога, м. Беспрытульны, які не мае пэўнага грамадска карыснага занятку, а жыве дробным крадзяжом; блатняк. Апанас Кныш звязаўся з шайкай блатных. Нядзведскі.
блатня́к, ‑а, м.
Разм. пагард. Тое, што і блатны (у 2 знач.). [Генька] гадаваўся ў дзетдоме: зімою жыў на месцы.. А летам ездзіў з блатнякамі па свеце. Кулакоўскі.