Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разве́дчык, ‑а, м.

1. Той, хто пасланы ў разведку (у 1 знач.), які ўваходзіць у склад разведкі (у 3 знач.). У час гітлераўскай акупацыі егер Мацута быў правадніком і разведчыкам у партызанскім атрадзе. В. Вольскі. Разведчыкі даносілі з усіх бакоў адно: абарона на поўдні і поўначы прарвана. Брыль. // Самалёт або судна, якія вядуць назіранне за праціўнікам.

2. Агент разведкі (у 4 знач.). Як і трэба было чакаць, факір аказаўся разведчыкам адной з вялікіх дзяржаў. Мікуліч.

3. Спецыяліст па разведцы нетраў, па пошуках карысных выкапняў. Разведчыкі выявілі багатыя нафтавыя паклады. // перан. Пра першаадкрывальніка, заснавальніка чаго‑н. Разведчыкі космасу. □ Мы — першыя ў свеце Разведчыкі будучыні, Наватары, багаборцы, Шчасця людскога Нястомныя творцы. Танк.

разве́дчыца, ‑ы, ж.

Жан. да разведчык.

разве́дчыцкі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы разведчыку, разведчыкам. Да .. [Надзі] прыйшла тая няўлоўная разведчыцкая інтуіцыя, калі, здаецца, само сабою вока заўважае галоўнае, а вуха не прапускае ніводнага важнага слова. Бураўкін. Горад Святлане быў знаёмы неяк своеасабліва, калі можна так сказаць, з разведчыцкага пункту погляду. Шахавец. // Які належыць разведчыку, разведчыкам. З могілак на ўзгорку .. загаварыў разведчыцкі кулямёт. Брыль.

разведшко́ла, ‑ы, ж.

Школа агентурнай разведкі.

разве́зены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад развезці.

разве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. развёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; заг. развязі; зак., каго-што.

1. Везучы, даставіць кожную асобу, кожны прадмет у розныя месцы. — Пешкі?! — аж падскочыў Бабейка. — Ніколі! Ды я на сваім Варанюку мігам развязу вас, куды каму трэба. Хадкевіч. Трэба было не толькі развезці, раскідаць па ўсім полі гной, але і ўзараць, засеяць поле. Сачанка.

2. безас. Разм. Зрабіць цяжкапраходным, непрыгодным для язды ў час дажджу, раставання снегу (пра дарогу). Дождж перастаў ісці толькі на другі дзень. Ад яго так развезла зямлю, што нават па грунтавых дарогах цяжка было хадзіць. Сіняўскі.

3. безас. Разм. Расслабіць, давесці да стану бяссілля, знямогі. У Радашковічах, у буфеце, купіў паўбутэлькі гарэлкі і выпіў мала, але мала і закусваў, надвор’е стаяла гарачае, і мяне з непрывычкі развязло. Гарэцкі.

разве́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да развеяцца.

2. Зал. да развейваць.

разве́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да развеяць.

разве́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад развянчаць.

2. у знач. прым. Пазбаўлены ранейшай славы. Развенчаны герой. Развенчаны кумір.

разве́нчванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. развенчваць — развянчаць.