Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пусты́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пустыннага; бязлюднасць, пустата. Толькі над хатай дарожніка, яшчэ больш падкрэсліваючы гаючую цішыню і пустыннасць, сціпла дыміўся комін. Брыль. Зрэдку пачуецца звонкі дзіцячы вокліч і сціхне, недарэчны ў гэтай пустыннасці. Мележ.

пусты́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пустыні; уласцівы ёй. Пустынны клімат. Пустынныя вобласці. □ У высокіх гарах на паўдні нашай радзімы можна знайсці тры, а часам і чатыры поясы расліннасці: пустынны, стэпавы, лясны і альпійскі. Гавеман.

2. Пусты, бязлюдны. Тысячы рознакаляровых іскарак пераліваліся на заснежаным пустынным полі. Лынькоў. Яны зноў ішлі па вуліцах, ужо сцішаных па-начному і пустынных, зусім бязлюдных. Савіцкі.

пусты́ня, ‑і, ж.

1. Вялікая, звычайна бязводная прастора з беднай расліннасцю або без расліннасці. Пустыня Сахара. Пустыня Каракумы. // перан.; якая або чаго. Прастора, якая рассцілаецца на вялікую адлегласць. Снежная пустыня. □ Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні, дзе маркотна выступалі адны толькі парыжэлыя купіны з сухою леташняю травою. Колас.

2. перан. Бязлюднае, разбуранае, зруйнаванае месца. Няваду больш узнепакоіла агульная сумліцкая пустыня, чым пустыня гэтай хаты. Чорны. — Вясна наступіла, а ў мяне ні кала, ні двара. Пустыня, — скардзілася трэцяя [жанчына], — страха цячэ, як рэшата. Сергіевіч.

пусты́р, ‑а, м.

Незабудаваны, запушчаны ўчастак; пустка. Праехалі Варшаву па прыгожых вуліцах і па пустырах, дзе ляжыць у ярусах цэгла, мінулі будынкі і, урэшце, выехалі ў чыстае поле. Пестрак. Аралі за Крыніцай пясчаны пустыр — голы ўзгорак, зямля на якім адтала ўжо сантыметраў на дваццаць. Шамякін.

пусты́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм.

1. Гумавая соска для груднога дзіцяці.

2. перан. Пусты, легкадумны чалавек. Родная сястра так і сказала — пустышка яна [Ліля]. Асіпенка. // Пра што‑н. пустое, бяссэнснае. Гэта быў замежны фільм. Любоўная пустышка з надуманым сюжэтам. Шамякін.

пустэ́льна,

1. Прысл. да пустэльны.

2. безас. у знач. вык. Бязлюдна. Пустэльна вакол, шэра — ні дзень, ні вечар. Хадкевіч. У вёсцы было па-ранейшаму пустэльна. Быкаў.

пустэ́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пустэльнага; бязлюднасць. Гэта чорная паласа зямлі змяніла выгляд усяго балота, ажывіла яго, парушыла яго пустэльнасць, здзічэласць. Дуброўскі.

пустэ́льнік, ‑а, м.

Чалавек, які з рэлігійных меркаванняў адмовіўся ад зносін з людзьмі і пасяліўся ў бязлюдным месцы. Манах-пустэльнік. // Пра чалавека, які жыве ў адзіноце, у бязлюдным месцы. — А, во дзе ты, пустэльнік! — радасна сказала [Марына] Кудлачу, які маляваў за сталом. Алешка.

пустэ́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да пустэльнік.

пустэ́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пустэльніка, пустэльніцтва. Пустэльніцкае жыццё.