Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пустасме́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Жан. да пустасмех.

пустата́, ‑ы, ДМ ‑стаце; мн. пустоты, пустот, ж.

1. Якасць і ўласцівасць пустога (у 1–3 знач.); адсутнасць каго‑, чаго‑н. дзе‑н. Абсалютная пустата. □ На процілеглым канцы вёскі гучна разліваўся сабачы брэх у пустой цемрадзі задворкаў. Гэтая пустата і зацятасць зімняй цішыні прыдавала афарбоўку нейкай асаблівай распадлівасці заложнаму гаўканню.. сабакі. Колас.

2. Пустая, нічым не запоўненая прастора. Круг хіснуўся, павярнуўся і вываліўся ў пячору. Віцева рука бесперашкодна прасунулася ў пустату. Шыцік.

3. перан. Стан душэўнай спустошанасці; адсутнасць усякіх імкненняў, інтарэсаў. Пустата была ў сэрцы, у мозгу, ніводнай думкі і ніякага адчування, адна чарната, як у бездані. Шамякін. Хоць сэрца білася моцна, у грудзях была халодная пустата. Самуйлёнак.

4. Спец. Пустое месца ў сярэдзіне суцэльнага матэрыялу, рэчыва.

•••

Тарычэлева пустата — а) беспаветраная прастора ў трубцы барометра над ртуццю (ад імя італьянскага фізіка 17 ст.); б) перан. (жарт.) поўная адсутнасць чаго‑н.

пустацве́т, ‑у, М ‑цвеце, м.

1. Кветка, якая не дае плода. Пчала — гэта не толькі фабрыка мёду, а і добрая прыбаўка ўраджаю: там, дзе яна садзіцца на кветку, не бывае пустацвету. Якімовіч. / у знач. зб. «— Будзе садавіны ў гэтым годзе, — з задавальненнем думаў дзед Ігнат, — пустацвету амаль .. няма...» Васілевіч. [Яблыні] зацвіталі часта, здаралася, што і ўвосень давалі цвет, а яблыкаў усё не было. І толькі нядаўна, у самыя апошнія гады, кончыўся пустацвет... Чыгрынаў.

2. перан. Чалавек, дзейнасць якога не прыносіць карысці людзям, грамадству. — Ты чуў калі, што значыць слова жыта? Не? Жыццё, сын! — А нахлебнік — пустацвет заўсёды. Карпаў. // Пра тое, што не прыносіць ніякай карысці, не мае значэння. Словы падбіраліся хутка, імкліва, і сярод іх на дзіва мала траплялася пустацветаў або сказаных не да месца. Кулакоўскі. У навелістыцы апошняга часу на кожны ўдалы твор прыпадае, мабыць, не меней за пяць пустацветаў. «ЛіМ».

пустаце́лы, ‑ая, ‑ае.

Пусты ўсярэдзіне. Пустацелая цацка. Пустацелыя блокі. Пустацелы шпень.

пу́сташ, ‑ы, ж.

Незаселены, неапрацаваны ўчастак зямлі. Каму адвялі вы Пусташы, каменне? Хто з свайго засеву Не збярэ насення? Колас. А навокал маўчала пусташ, адзінокая, як сон... Пестрак.

пу́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Пусты, без усякай расліннасці ўчастак зямлі. Не хапае зямлі. Ляжыць яна навокал то балотамі, то лясамі, то вось такой пусткай — жоўтым пяском. Чарнышэвіч. На былой пустцы пачалося будаўніцтва самай магутнай у рэспубліцы электрастанцыі. Дадзіёмаў. // Пра ўчастак зямлі, які не апрацоўваецца, не абрабляецца. З пусткі, дзе некалі гагаталі вывадкі гусей ды паролі дзірван лычамі свінні, Мітрафан зрабіў прыгожы і ўтульны куток.. Ракітны.

2. Закінуты ўчастак зямлі, спустошаная зямля. — А памятаеце, з чаго пачынаўся горад і завод? З руінаў, з пустак. Карпаў. Макрына, сумна агледзеўшы забытую пустку, з жальбай сказала: — Гэта ўсё... гэта ўсё, што асталося ад Аліфераўшчыны... Ракітны.

3. Пра пустое, бязлюднае месца, памяшканне. Хата была як пустка якая: усё паадчыняна, паразварочвана, кінута абы-як, і ні душы нідзе. Чорны.

пусто́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае або ўтварае пустату ўсярэдзіне. Пустотная лямпа. Пустотны прыбор.

пусто́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., каго-што.

1. Рабіць пустым, бязлюдным; руйнаваць. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады. В. Вольскі. Батарэя, якою камандаваў быўшы афіцэр, штабс-капітан Ваганаў, .. пустошыла рады насядаўшых дзянікінцаў. Колас.

2. Рабіць пустым, вымаючы тое, што было ўсярэдзіне. Было такое адчуванне, быццам хтосьці пакручвае на верацяно ўсё з сярэдзіны, з грудзей і жывата, і так бесканцоваю ніткаю пустошыць чалавека. Чорны.

пусты́, ‑ая, ‑ое.

1. Нічым не запоўнены, не заняты (пра тое, што можа змяшчаць у сабе што‑н.). Пусты карабок. Пустая бутэлька. □ Пастаіць гаспадыня ля свае каровы, пачакае, пакуль тая паранку з’есць, і назад пусты цэбар нясе. Чорны. Па пустым рукаве можна было меркаваць, што чалавек гэты не мае адной рукі. Лынькоў. // Не заняты нікім, нічым; свабодны, вольны. [Ярохін] дастаў чамадан, на пустым сядзенні разаслаў газету, паклаў хлеб, кансервы. Шамякін. К вакзалу падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй. Ермаловіч. // Бязлюдны; нежылы. Двор быў пусты і азызлы, з халодным глянцам размешанай гразі. Скрыган. Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з’явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска. Кудраўцаў. // Вольны ад работы, ад заняткаў. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі. // Без пладоў або з недаспелым плодам. Пусты колас. Пусты арэх. □ Яравыя гарэлі на корані, а жыта, пасмяглае, нізкарослае, было пустое. Чыгрынаў. // Прыгатаваны без тлушчу, мяса. Пусты боршч. □ У стральца дым густы, ды абед пусты. Прыказка. // Нятлусты, неўрадлівы (пра зямлю). Верная зямля ў малінаўцаў была напалову слуцкая — тлустая і ўраджайная, напалову палеская — пустая і пясчаная. Чарнышэвіч.

2. Які мае ўсярэдзіне пустату. Пусты шар. Пустыя сцены.

3. Які нічога не мае, нічога не прыдбаў; без здабычы. Лісічкі, рабіна, баравікі — гэта добра: пойдзеш у лес — пусты не вернешся. Ракітны. На возе — нічога: сена толькі для вачэй, але Апейка паручыцца мог бы — не пусты едзе, вязе нешта. Мележ.

4. перан. Неглыбокі, бяссэнсавы; не сур’ёзны. Пустая гаворка. □ Перакідаючы пустыя словы, .. [Валя і Сашка] апынуліся каля вялікага сквера і ўвайшлі ў яго. Чорны. Міхалка пустых фраз не любіць гаварыць. Яго прамовы цяпер кароткія і моцныя. Бядуля. Пустым становіцца жыццё ў чалавека, калі ў яго адбіраюць любімую працу. Шахавец.

5. перан. Які не мае сур’ёзнага значэння; беспадстаўны. Пустая пахвальба. Пусты страх. Пусты смех. □ Знікалі турботы, хваляванні, а калі і абуджаліся на хвілінку, дык выглядалі ўжо як нікчэмныя, пустыя. Карпаў. Не гарэў ён [народ] пустым летуценнем. За дармовым не гнаўся рублём. Куляшоў. // Бескарысны, бясплодны, беспаспяховы. [Мікалай Іванавіч] быў расчараваны пустой работай — сваім выступленнем перад выключаным мікрафонам. Шахавец. Дзед Талаш .. ужо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні. Колас.

6. перан. Які не мае сур’ёзных інтарэсаў; духоўна абмежаваны, бедны. [Чыжыку] ўжо вельмі падабаўся Саўчанка, які даў гэтую гранату і які не так даўно здаваўся пустым чалавекам. Лупсякоў.

7. у знач. наз. пусто́е, ‑ога, н. Тое, што не заслугоўвае ўвагі; што‑н. нязначнае. — Ніхто цябе не вінаваціць. Не люблю толькі, калі людзі пустое мелюць. Машара. [Ціхон] не церпіць усяго пустога, легкадумнага — ні ў словах, ні ў справах. Ракітны.

•••

Затычка ад пустой бочкі гл. затычка.

Біцца за пусты мех гл. біцца.

З пустымі рукамі гл. рука.

Пераліваць з пустога ў парожняе гл. пераліваць.

Пустая гаворка гл. гаворка.

Пустое месца гл. месца.

Пусты кашалёк гл. кашалёк.

Пустыя кішэні у каго гл. кішэнь.

пусты́нна,

1. Прысл. да пустынны.

2. безас. у знач. вык. Бязлюдна, няма прыкмет жыцця. Толькі на вуліцы — пустынна і ціха. Паўлаў.