пустазво́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Разм. Гаварыць пустое; балбатаць. — Другі баіцца, мусіць, буры: Даводзіць ён, што лепей крышку Было б сядзець нам у зацішку; А трэці проста пустазвоніць — Ні нападае, ні бароніць. Крапіва. «З Наталяй нельга пустазвоніць», — думаў Казімір. Скрыган.
пустазво́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Жан. да пустазвон.
пустазво́нства, ‑а, н.
Разм.
1. Пустыя, беззмястоўныя словы, размовы. У літаратуры перамагае толькі чалавечае і чалавечнае, і фальш, пустазвонства, бяздумная даніна чарговай модзе.. урэшце будуць названы сваімі імёнамі. «Полымя».
2. Паводзіны, словы пустазвона. Максіма раздражняла Міколава пустазвонства. Машара.
пустазе́лле, ‑я, н.
Дзікарослая расліна, якая засмечвае пасевы культурных раслін. Асот і малачай — пустазелле. □ Вось з таго часу і палюбіла Вера васількі. З яе захаплення часта смяяліся сяброўкі. Жартавалі, што ёй падабаецца пустазелле. Асіпенка. // зб. Такія расліны, сукупнасць такіх раслін. Ад Старыцы засталіся адны папялішчы, жыхары разбрыліся, палі апусцелі, зараслі пустазеллем і хмызнякамі. Хадкевіч. Пустазелле заглушыла ўвесь гарод. Шамякін.
пустазе́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пустазелля, з’яўляецца пустазеллем. Пустазельная расліна.
пустазе́рнасць, ‑і, ж.
Адсутнасць зерня ў збожжавых раслінах. Пустазернасць пшаніцы.
пуста́к, ‑а, м.
Разм. Від цэглы, цэментных блокаў з пустотамі ўсярэдзіне.
пустальга́, ‑і, ДМ ‑льзе.
1. ж. Драпежная птушка сямейства сакаліных, якая жывіцца грызунамі і насякомымі.
2. м. і ж.; перан. Пра пустога, легкадумнага чалавека. — Балбатун ты, Казік. Пустальга, ды і толькі. Машара.
пустамало́т, ‑а, М ‑лоце, м.
Чалавек, які гаворыць многа і не да толку; балбатун; пустазвон. Сашка Марцінаў быў вясковым пустамалотам, задавакам і задзірам. Машара. Васіль падумаў, што гэты пустамалот проста разыгрывае яго. Беразняк.
пустаме́льства, ‑а, н.
Пустыя размовы; балбатня. «Не выцягнуць, — прыйшло першае рашэнне [Чарнавусу], — пустамельства ўсё гэта». Кулакоўскі.