Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пу́дзік, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да пуд.

пу́дзіла, ‑а, н.

1. Чучала ў выглядзе чалавека, якое выстаўляецца на палях, агародах для адпужвання птушак. За плотам сярод канапель стаіць там пудзіла, стаіць, здзіўлена растапырыўшы ў бакі рукі, і цікуе за ўсімі з-пад нізка насунутай на колік шапкі. Галавач. У гародзе, за пахілым парканам матлялася на ветры пудзіла на вераб’ёў. Арочка. // перан. Пра тое, што выклікае страх, сполах у каго‑н. Царская Расія была пудзілам для нацыянальна-рэвалюцыйнага руху ў Еўропе.

2. перан. Пра неахайна, непрыгожа апранутага, брыдкага чалавека. [Гусоўскі:] — Глядзі, якім пудзілам апранулі! Цікава, для чаго такая маскіроўка? Навуменка. [Насця:] — Ну, паглядзі ты на сябе: на каго ты падобен у гэтым рызмане? Дзе ж ёсць другое такое пудзіла на свеце? Колас.

•••

Пудзіла (агароднае) гарохавае — пра смешна, безгустоўна адзетага чалавека.

пу́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

1. Пужацца; баяцца, палохацца (звычайна пра жывёлу). На чорным аксамітавым небе трапяталі зоркі, у густым гушчары енчылі сычы, і ад іх крыку коні пудзіліся і стрыглі вушамі. Хомчанка. Бацька нёс на плячах мех мукі, а маці вяла карову, якая пудзілася папялішча. Гурскі.

2. Зал. да пудзіць.

пу́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., каго-што.

Страшыць, пужаць (жывёлу). Машыны пудзілі жывёлу. // Пужаючы, разганяць, адганяць адкуль‑н. [Макейчык:] — Бачыце, што нарабілі гэтыя рагатыя разбойнікі [ласі]? Каб я іх не пудзіў, дык яны б і да гадавальніка дабраліся! Паслядовіч. [Дырэктар:] — Вы будзеце толькі шумець і рыбу пудзіць. Рунец.

пу́дкі, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пужлівы. Будзь тут [на граніцы] пільны па-салдацку, Дый не пудкай пліскаю. Барадулін.

пу́дла, ‑а, н.

Разм. Промах у стральбе, няўдалы стрэл.

•••

Даць пудла — а) не пацэліць, прамахнуцца. — Страляй, дзядзька, — кажа стралец, — і мабыць, я даў пудла. Янкоўскі; б) памыліцца, зрабіць памылку.

пудлава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; незак.

Разм. Рабіць промахі ў стральбе, даваць пудла.

пудлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць пудлівага.

пудлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пужлівы. [Цімох] трымае за аброць маладога пудлівага каня, на якім прыехаў па гасцей. Пальчэўскі. Цікаўны і пудлівы абывацель адным вокам пазіраў з-за фіранкі на вуліцу. Мурашка.

пудлінгава́нне, ‑я, н.

Устарэлы спосаб перапрацоўкі чыгуну ў зварачнае жалеза ў асобых печах.