Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пудлінгава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пудлінгаваць.

пудлінгава́цца, ‑гуецца; незак.

Зал. да пудлінгаваць.

пудлінгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак. і незак., што.

Апрацаваць (апрацоўваць) пудлінгаваннем.

[Ад англ. puddle — перамешваць.]

пу́длінгавы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з перапрацоўкай чыгуну пудлінгаваннем. Пудлінгавае жалеза. Пудлінгавая печ.

пудо́вік, ‑а, м.

Тое, што важыць пуд, разлічана на пуд. Бязмен-пудовік. □ Апошні камень, — відаць, пудовік — бомкнуў так, што ледзь не выскачылі шыбы з вокнаў. Місько.

пудо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які важыць адзін пуд; ёмкасцю ў адзін пуд. Пудовая гіра. Пудовы кош. □ [Іван] навыбіраў [бульбы] поўны пудовы кош, падхапіў такі ж самы кош у маці і панёс высыпаць у палукаш. Чарнышэвіч. // Вельмі цяжкі, важкі. Сотні пудовых тамоў з наколанымі старонкамі.. [Зяма] прачытаў сваімі тонкімі чулымі пальцамі. Грахоўскі. [Міцька Заяц] быў вялізнага росту, меў пудовыя кулакі і, расказвалі, калісь адным ударам кулака забіў каня. Шамякін.

пу́дра, ‑ы, ж.

1. Дробны і мяккі, звычайна пахучы парашок, які наносіцца на скуру як гігіенічны і касметычны сродак. Пакрыць твар пудрай. □ Зняла Насця капялюш, памылася, каб змыць пудру. Колас.

2. Дробны парашок з мінеральных і іншых рэчываў. Цэментная пудра. Цукровая пудра.

[Фр. poudre.]

пу́драніца, ‑ы, ж.

Спецыяльная каробачка для пудры. Пасажыр з верхняй лаўкі.. расказваў, як яму аднойчы зляцела на галаву раскрытая пудраніца нейкай дзяўчыны і як ён потым усю дарогу не мог ачысціцца ад пудры. Васілёнак.

пу́драны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пудрыць.

2. у знач. прым. Пакрыты пудрай.

пу́дрыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Пудрыць свой твар.