прыці́шыць, ‑цішу, ‑цішыш, ‑цішыць; зак.
1. што. Зрабіць менш чутным; паслабіць, прыглушыць (гукі, гучанне і пад.). Прыцішыць радыёпрыёмнік. □ — Толькі, хлопцы, маўчок! — прыцішыў .. [Тарас Іванавіч] голас. — На вас данёс наш гад, валасны старшыня Язэп Брыль! Колас. // Прыпыніць работу (матора); прыглушыць. Машыніст прыцішыў матор, нахіліўся і спытаў: — Што? Ага.. — А ці можна там, — Варанецкі паказаў назад, — кусты зразаць? Дуброўскі.
2. што. Зменшыць хуткасць чаго‑н.; запаволіць (рух, хаду і пад.). Каля валаснога праўлення аўтамабіль прыцішыў ход і завярнуў у двор. Лобан. [Ваўчок] прыцішыў хаду, услухоўваючыся ў словы спадарожніка, якія краналі за жывое. Хадкевіч.
3. перан.; што. Разм. Паслабіць, суцішыць (якое‑н. пачуццё, адчуванне). Прыцішыць гнеў. Прыцішыць боль лякарствамі.
4. каго-што. Разм. Заспакоіць, суняць. [Авяр’ян] не раз задумваўся, што б такое зрабіць, каб .. [Грышуноў] суняць, прыцішыць. Ракітны.
прыцішэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які прыцішэў; прыціхлы. З гары спускаліся і ехалі па прыцішэлых местачковых вуліцах ужо ў цемры. Мележ. Бацькі, як вучні ў прыцішэлым класе, Што ў перапынку штосьці натварылі. Лойка.
прыцішэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Разм. Тое, што і прыціхнуць (у 1 знач.). З наступленнем ночы горад прыцішэў. Гоман прыцішэў. □ Вера прыцішэла і амаль не ўтыкалася ў гутарку. Зарэцкі. Костусь асеў і прыцішэў у тыя дні, хадзіў сам не свой. Чорны.
прыцмо́кванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыцмокваць — прыцмокнуць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Чулася толькі бразганне лыжак аб пасуду ды дружнае прыцмокванне. Скрыпка.
прыцмо́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да. прыцмокнуць.
прыцмо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Цмокнуць губамі, языком, звычайна выказваючы якое‑н. пачуццё (здзіўленне, задавальненне, злосць і інш.). Апранаючыся, .. [Чыжык] агледзеў свае гамашы, здзіўлена прыцмокнуў языком. Лупсякоў. — Ты праўду кажаш. З Рыгора можа быць талковы брыгадзір, але... — тут Васіль прыцмокнуў языком. Арочка.
2. Цмокнуць, прымушаючы каня ісці. Старшыня ўзяўся за лейцы, зычна прыцмокнуў. Якімовіч. І я тут не адгаварыўся, усе разам кінулі мяне ў вазок на гарохавінне, і Алесь прыцмокнуў на каня. Адамчык.
прыцьме́лы, ‑ая, ‑ае.
Які прыцьмеў, страціў сваю яркасць, бляск. Партрэт, схаваны ў вайну ў склепе, трохі быў пашкоджаны. Летась, будучы тут, мастак паднавіў яго, асвяжыў прыцьмелыя фарбы. Ліс. // Які адышоў на задні план, прызабыўся. Прыцьмелая ў дрымоце трывога раптоўным штуршком нібы ўдарыла.. [Івана] у самае сэрца. Быкаў.
прыцьме́ць, ‑ее; зак.
Страціць сваю яркасць, бляск. Святло дрыготка пасунулася па небасхіле, прыцьмела і неяк раптоўна згасла. Быкаў. // перан. Адысці на задні план, прызабыцца. Доўгія гады вайны непрыкметна абступілі, прыцьмелі, быццам успамін. Мележ.
прыцьмі́ць, ‑цьмлю, ‑цьміш, ‑цьміць; зак., каго-што.
Засланіўшы сабой, зрабіць менш прыкметным, менш бачным. Воблакі прыцьмілі сонца. // перан. Засланіць, адсунуць на задні план. — Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць. Купала.
прыцэ́л, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыцэльваць — прыцэліць і прыцэльвацца — прыцэліцца.
2. ‑а. Прыстасаванне на агнястрэльнай зброі для прыцэльвання. Пад рукой ляжала новенькая снайперская вінтоўка з аптычным прыцэлам. Шамякін.
3. ‑у; перан. Разм. Тое, да чаго хто‑н. імкнецца; мэта. Не ведаю, які быў .. план [бацькі з сынам], але, мусіць, такога прыцэлу трымаліся: баржа баржай, а яно нядрэнна будзе хутарок свой мець. Ракітны. Іншы раз яму здаецца, што ў хлопцаў пэўны прыцэл, разлік, а разліку Веньямін не любіць. Навуменка.
•••
Браць (узяць) на прыцэл гл. браць.